30 / 12

Фестываль аDNаK! уключаны ў рэйтынг крэатыўнасці і майстэрства АКМА на 2017 год

Змены ў Фестывалі аDNаK!? Так!

У 2017 годзе Фестываль аDNаK! чакаюць змены. З наступнага года ўсе намінацыі Фестывалю будуць падзяляцца на 2 блокі:

  1. Прафесійны блок – камерцыйная рэклама тавараў і паслуг, іміджавая рэклама кампаній. Удзел у намінацыях гэтага блоку будзе платны.
  1. Грамадска-культурніцкі блок — сацыяльная рэклама, грамадсказначныя і беларусацэнтрычныя праекты.

Удзел у гэтым блоку будзе, як і раней, бясплатным.

Балы будуць атрымліваць рэкламныя агенцтвы і юрыдычныя асобы, якія аказваюць паслугі па стварэнню рэкламы.

Не будуць атрымліваць балы творчыя групы, фрылансеры і арганізацыі, якія не з’яўляюцца рэкламнымі агенцтвамі. Акрамя гэтага не будуць атрымліваць балы пераможцы конкурсаў ад партнёраў Фестывалю, а таксама намінацый “Конкурс нерэалізаваных праектаў” і “Каша сувораўская”.

Таксама зменшыцца колькасць складаў журы Фестывалю. У наступным годзе іх будзе ўсяго пяць:

–  крэатыўнае журы,

–  журы дызайну,

– маркетынгавае журы,

– digital,

– журы сацыяльнай рэкламы/грамадсказначных і беларусацэнтрычных праектаў.

Сяргей Саўчук, член Праўлення АКМА, адзначае: “Фестываль аDNаK! за гады свайго iснавання стаў адметнай падзеяй у грамадска-культурным жыццi краiны. Асацыяцыя Камунiкацыйных i Маркетынгавых Агенцый Беларусi (АКМА) уключыла Фестываль аDNаK! у свой рэйтынг, падтрымлiваючы гэтым развiццё беларускай мовы і беларускамоўныя камунiкацыi брэндаў. АКМА сумесна з арганізатарамі Фестывалю аDNаK! возьме ўдзел у фармаваннi складаў журы Фестывалю, а таксама ў дапрацоўцы конкурснай праграмы”.

Што застанецца нязменным:

— адметная адукацыйная праграма,

— узнагароджанне пераможцаў дыпломамі Фестывалю і падарункамі ад партнёраў,

— яскравая цырымонія ўзнагароджання.

Навошта Фестывалю aDNaK! рэйтынг крэатыўнасці беларускіх рэкламных агенцтваў?

Асноўная і нязменная мэта Фестывалю — матываваць рэкламныя агенцтвы і прафесійных гульцоў рабіць праекты на грунце нацыянальных адметнасцяў.

Місія — развіццё рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі і дэманстрацыя новых трэндаў і сучасных формаў масавай камунікацыі.

Уключэнне Фестывалю ў рэйтынг крэатыўнасці АКМА дазволіць больш эфектыўна дасягаць пастаўленых мэтаў.

Тым больш, што пакуль яшчэ вельмі мала конкурсаў, якія насамрэч накіраваныя на развіццё лакальнага рынку. Фестываль aDNaK! за сем гадоў даказаў у гэтым накірунку сваю каштоўнасць і атрымаў прызнанне сярод прафесіяналаў. Уключэнне Фестывалю ў рэйтынг крэатыўнасці ўзмацніць і гэтую пазіцыю.

Чаму ўдзел у Фестывалю aDNaK! платны і навошта ўдзельнікам атрымліваць балы?

Атрымліваючы балы па выніках Фестывалю, агенцтва паляпшае сваё месца ў рэйтынгу, што спрыяе атрыманню новых буйных кліентаў, павелічэнню даходаў і развіццю бізнесу агенцтваў увогуле.

На Фестывалі aDNaK! заўсёды вельмі шмат праектаў у намінацыях сацыяльная рэклама і беларусаарыентаваныя праекты. Павышаная ўвага Фестывалю да сацыяльнай рэкламы і беларусаарыентаваных праектаў спрыяе павышэнню іх якасці, пашырэнню міжсектарнага супрацоўніцтва, а гэта, у сваю чаргу, істотна ўплывае на развіццё грамадства агулам. Усе ўдзельнікі Фестывалю атрымліваюць вядомасць і грамадскае прызнанне.

Арганізатары ўпэўненыя, што калі ў адпаведных намінацыях перамагаюць прафесійныя гульцы рынку і атрымліваюць балы, то якасць праектаў астатніх удзельнікаў таксама будзе павялічвацца.

Усе падрабязнасці пра Фестываль, намінацыі, умовы падачы работ і ўдзелу ў  адукацыйнай праграме можна будзе атрымаць на сайце adnak.by з пачаткам новага фестывальнага сезону.

Пра Фестываль

Фестываль aDNaK!, паўстаўшы ў 2009 годзе, паслядоўна звяртаецца да падмурку нашай адметнасці – культурнай і гістарычнай спадчыны, пераканаўшыся, што сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, закладзеных у нашых генах.

За сем гадоў Фестываль aDNaK! стаў у Беларусі значнай падзеяй і развіваецца ў адпаведнасці з сусветным трэндам – Glocal (спалучэнне глабальнага і лакальнага), матывуючы бізнес і рэкламістаў працаваць у сусветным рэчышчы, аднак шукаць у лакальным цікавыя ідэі і рашэнні, якія робяцца запатрабаванымі і эфектыўнымі на глабальным узроўні.

Да ведама:

Рэйтынг крэатыўнасці і майстэрства агенцтваў АКМА пакліканы прыцягнуць увагу рэкламадаўцаў да эфектыўнасці выкарыстання крэатыўных рашэнняў у прасоўванні брэндаў, павысіць творчы ўзровень агенцтваў, ствараць атмасферу справядлівага творчага спаборніцтва, матываваць на стварэнне сучасных, яркіх, інавацыйных праектаў, служыць індустрыяльным арыенцірам пры выбары партнёра на рынку.