Ілля Доўнар: «Web-сайт — гэта набор складаных бізнес-працэсаў і камунікацый»
Як ператварыць сайт у інтэрнэт-прадукт, які працуе? Дзе навучаюцца спецыялісты з web-сферы і як выглядае ідэальны кліент з пункту гледжання распрацоўшчыка? Пра гэта і многае іншае гутарым сёння з Іллёй Доўнарам, дырэктарам HA–Interactive Brand Studio, які выступае ў рамках адукацыйнай праграмы фестывалю «ADNAK» з тэмай «Добрыя рашэнні не заўсёды працуюць».
— Сам па сабе web-рэсурс, нават зроблены з выкарыстаннем самых перадавых тэхналогій, не пачне працаваць і прыносіць прыбытак, калі не з’яўляецца часткай стратэгіі прасоўвання. Добрае рашэнне — гэта перш за ўсё прадукт, які вырашае актуальныя задачы бізнесу. Неабходна вызначыць, якія мэты кліент можа паспяхова рэалізоўваць у інтэрнэце і якія формы ўзаемадзеяння яму для гэтага неабходныя: паўнавартасны сайт са складаным функцыяналам і імгненнай формай замовы ці просты сэрвіс замовы паслуг па званку.
Важна разумець, што праца над праектам не заканчваецца пасля яго запуску. Інтэрнэт-платформа павінная дынамічна развівацца ўслед за развіццём бізнесу. Для гэтага і спецыялістам на баку агенцтва, уключаючы стратэга, бізнес-аналітыка, дызайнера і распрацоўшчыка, і працоўнай групе з боку заказчыка неабходна навучыцца цесна супрацоўнічаць.
— З якімі цяжкасцямі падчас зносінаў з кліентамі вы часцей за ўсё сутыкаецеся?
— Распаўсюджаная сітуацыя, калі заказчык звяртаецца да нас з пэўным запытам, і ў працэсе размовы робіцца зразумела, што запытаны прадукт не вырашыць праблем яго бізнесу. Мы спрабуем растлумачыць кліенту, што для пачатку яму неабходна адказаць на пэўныя пытанні ў камунікацыі і ліквідаваць недахопы ў бізнес-працэсах, інакш усе гэтыя праблемы перанясуцца на анлайн-платформу. Некаторыя працягваюць настойваць на сваім, мысляць вельмі стэрэатыпна, па прынцыпе «ва ўсіх ёсць, хай і ў нас будзе». Для нас важна не пайсці па лёгкай дарозе, а праявіць пэўную настойлівасць і ўсё-такі данесці да суразмоўцы сваё бачанне сітуацыі. У крайніх выпадках лепш зусім адмовіцца ад супрацоўніцтва, бо ў выніку можа пацярпець рэпутацыя агенцтва.
Таксама часта сутыкаемся з памылкай, што афлайн- і анлайн-камунікацыя не ўзаемазвязаная. Даводзіцца пераконваць заказчыка, што працэс узаемадзеяння з кліентамі павінен быць бесперапынны і цэльны, незалежна ад таго, дзе кліенты знаходзяцца — у гандлёвым пункце кампаніі, на яе сайце або на старонцы ў сацыяльных сетках. Лічбавая прастора перастала быць чымсьці абстрактным і стала паўнавартасным асяроддзем жыцця.
— А як выглядаюць у вашым уяўленні ідэальны праект і кліент?
— Знаёмімся і маем зносіны з чалавекам, які вядзе бізнес. Калі ён «гарыць» сваёй справай і для яго важны вынік, то з ім цікава працаваць. Менавіта зацікаўленасць кліента дзіўным чынам перадаецца табе, з’яўляецца адчуванне каманднай гульні.
Ідэальны праект — гэта калі заказчык дае магчымасць эксперыментаваць і просіць зрабіць што-небудзь, чаго ні ў кога да гэтага часу не было. З аднаго боку, так працаваць нашмат складаней, бо нестандартныя рашэнні патрабуюць больш часу і сродкаў для іх рэалізацыі. З іншага боку, гэта тое, дзеля чаго мы працуем — паляпшэнне праз спрашчэнне з мэтай знайсці новыя формы і стварыць унікальны прадукт.
— Якія веды, уменні і якасці неабходна мець чалавеку, які хоча рэалізавацца ў вашай галіне?
— Прафесійная падрыхтоўка web-спецыялістаў павінная будавацца на фундаментальных ведах. У аснове працы дызайнера мусіць ляжаць разуменне правільных суадносін аб’ектаў, шрыфтавога і каляровага рашэння, яму неабходна ведаць і адчуваць, што такое гармонія і разумець, як да яе прыйсці.
Існуе вялікая праблема з кадрамі, таму што акадэмічная адукацыя безнадзейна адстае ад рэальнасці. У школах і акадэміях па-ранейшаму вучаць правільна маляваць роўную лінію, і ў выніку шмат людзей разбіраецца толькі ў роўных лініях. Сёння важна ўмець вучыцца і выбіраць інфармацыю. Профіль у twitter, facebook можа стаць тваім СV, а працы, выкладзеныя на behance, awwwards, dribble з каментарамі, робяцца тваімі пяцёркамі.
— А сучасны беларускі заказчык паспявае за тым, што адбываецца ў свеце дызайну і web-тэхналогій? Або наш рынак — гэта рай для нядобрасумленных распрацоўшчыкаў?
— Не ўсе дызайнеры і распрацоўшчыкі паспяваюць за тым, што адбываецца. Дык як жа гэта зможа зрабіць заказчык, калі ён існуе ў зусім іншым асяроддзі? Кліентаў трэба адукоўваць і імкнуцца атрымліваць новыя веды ад іх: вэб-студыя не займаецца машынабудаваннем, банкаўскай справай, турызмам, як і твой кліент не спецыяліст у лічбавым асяроддзі. Важна ставіцца адно да аднаго як да прафесіяналаў у сваёй сферы і вучыцца адно ў аднаго. У такім выпадку паняцці «кепскі заказчык» і «кепскі дызайн» перастаюць існаваць. Вынік, які атрымліваецца, паказвае ўзровень прафесіяналізму студыі як у працы з кліентам, так і ў працы над дызайнам. У выніку рынак сам робіцца крытэрам якасці.
Ганна Трубачова, Юлія Капусціна
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»