28 / 06

“Тое, што velcom стала асацыюецца з беларускай мовай, — для нас гонар”

У чым сакрэт трапнай рэкламы? Як бізнесоўцы ставяцца да камунікацыі на беларускай мове? Чым ім можа быць карысны ўдзел у Фестывалі беларускамоўнай рэкламы Adnak? Уласным досведам дзеляцца прадстаўнікі кампаніі velcom — кіраўнік адзела па развіцці фіксаванай сувязі Павел Ганчар і кіраўнік адзела брэнд-менеджменту Дзмітрый Курловіч.

v1

“Бізнесоўцы тым і адрозніваюцца ад іншых, што выкарыстоўваюць любую магчымасць папаўняць свае веды”

— На якой мове прасцей дастукацца да беларускіх спажыўцоў? Наколькі важная адметнасць і калі гэта можа перашкаджаць бізнесу?

П. Г.: Мова — гэта не сродак і не самамэта. Вы можаце данесці сваю думку на любой мове, больш істотна — што гэта будзе за думка. Мова сама па сабе не дапамагае нешта лепш прадаць: спажыўцы перш за ўсё ацэньваюць якасць тавару альбо паслугі. Калі яна дрэнная — нічога не дапаможа. З асабістага досведу адзначу, што год ад году разуменне і пазітыўнае стаўленне да беларускай мовы ў нашым грамадстве расце і пашыраецца. Асабліва ў бізнес-асяродку. Самы яскравы прыклад — Аляксандр Цэнтэр, уладальнік сеткі аўтазаправак “А-100”. Ён актыўна ўкараняе беларускую мову, нават аплачваў супрацоўнікам моўныя курсы, каб тыя маглі пісьменна абслугоўваць сваіх спажыўцоў на беларускай мове. І калі я прыязджаю на “А-100”, мне заўсёды прыемна, што мяне там разумеюць. Для мяне як спажыўца важна, што гэта, па-першае, беларускі бізнес, а па-другое, што ён вядзе сваю камунікацыю на роднай мове, тым самым з павагай ставіцца да мяне як да беларуса.

Беларускай мовай апошнім часам актыўна цікавяцца і прадстаўнікі банкаўскай сферы. Многія з іх нават вядуць цяпер па-беларуску сваё справаводства. І гэта натуральна. Я вам больш скажу: праз пэўны час і фестываль Adnak! стане аксюмаранам, бо беларуская мова зойме сталае месца на рынку і большасць рэкламы ў нашай краіне будзе на беларускай мове.

Д. К.: Мы ладзілі некалькі фокус-груп, каб зразумець, як людзі ставяцца да рэкламы, што падабаецца ці не падабаецца ў ёй. І адно з пытанняў якраз было пра беларускую мову. Мы атрымалі вельмі пазітыўныя водгукі.

— Як вашы бізнес-партнёры да яе ставяцца? Ці ўзнікала непаразуменне наконт гэтага?

П. Г.: Досыць рэдка з гэтым сутыкаемся. Усё ж такі беларусы — нацыя білінгваў, асабліва яе бізнес-асяроддзе. Добра, калі адзін чалавек з 10 папросіць цябе перайсці на рускую мову ў камунікацыі. Нават калі ўзяць тых, хто пераехаў да нас з Расіі і вядзе тут свой бізнес. Яны не першы год жывуць у Беларусі і ўжо нармальна ўспрымаюць беларускую мову. Калі ты кожны дзень сутыкаешся з пэўнымі словамі, рана ці позна даведаешся, што яны азначаюць. Гэта пытанне пісьменнасці, тваёй агульнай інтэлектуальнай культуры. Ёсць два тыпы людзей: адны могуць дзясяткі разоў сутыкацца з нейкімі замежнымі словамі, але яны іх не цікавяць, а другія адразу зазірнуць у адпаведны слоўнік і яшчэ адным новым словам папоўняць свой лексікон. Сярод бізнесоўцаў людзей другога тыпу значна больш. Яны тым і адрозніваюцца ад іншых, што выкарыстоўваюць любую магчымасць папаўняць свае веды.

v4

“Не бойцеся размаўляць на беларускай мове: вы ж і на замежных мовах не адразу правільна пачалі гаварыць”

— Кампанія velcom — сталы ўдзельнік і генеральны партнёр Фестывалю беларускамоўнай рэкламы “ADNAK!”. Ці можна падвесці пэўныя вынікі наконт таго, што вам дае ўдзел у ім? Чым ён карысны?

Д. К.: Нельга казаць, што толькі фестываль падштурхнуў нас да беларускай мовы. Мы пачалі ўдзельнічаць у ім, ужо добра ўсведамляючы, што будзем усяляк падтрымліваць беларускую мову і культуру. “ADNAK!” быў нам цікавы сам па сабе, бо гэта адзіны фестываль беларускамоўнай рэкламы ў нашай краіне. Дзякуючы яму мы сталі больш вядомыя сярод беларускіх рэкламістаў, завязалі шмат карысных кантактаў. Да нас наконт супрацоўніцтва пачалі звяртацца розныя цікавыя беларускамоўныя праекты.

П. Г.: Кампанія velcom пастаянна развіваецца, як і нашае супрацоўніцтва з фестывалем “ADNAK!”, таму рана яшчэ падводзіць вынікі. Ідэі беларускасці, якія калісьці пачыналіся з беларускамоўнай рэкламы, працягваюцца і ўнутры кампаніі. У нас афіцыйна тры працоўныя мовы, і кожны можа карыстацца той, якая яму больш зручная. Са мною ў пісьмовых стасунках каля 30 нашых супрацоўнікаў прытрымліваюцца менавіта беларускай мовы і яшчэ 10 — у вуснай камунікацыі, і гэта, падкрэслю, не пра ўсю кампанію, а толькі пра калег, з якімі звязвае пэўны бізнес-працэс. Ад беларускамоўнай рэкламы мы перайшлі да адпаведных сацыяльных праектаў. Напрыклад, “Чытаем па-беларуску”, дзе дзеці разам з velcom адкрываюць усё багацце беларускай літаратуры. Зразумела, прасцей вучыць мову ў дзяцінстве. А што рабіць людзям сталага веку, якія не ведаюць сваёй мовы? Многія хочуць, але саромеюцца пачынаць размаўляць на беларускай мове, маўляў, я ж з памылкамі гавару… Самае галоўнае — не бойцеся. Вы ж і на замежных мовах не адразу правільна пачалі гаварыць. А дзякуючы таму, што вас выпраўлялі настаўнікі ці носьбіты мовы, з часам усё атрымалася. Калі б не спрабавалі, дык і не навучыліся б. Ніколі не позна пачаць. Вывучэнне мовы — гэта таксама развіццё вашай асобы, адкрыццё новага свету. Я і сам ужо ў сталым узросце стаў вучыць беларускую. Мая парада простая: пачынайце з дома альбо з асяродку, дзе вы найбольш утульна сябе адчуваеце, дзе ніхто не прымусіць вас чырванець і не будзе кпіць з вас. І, па шчырасці, за ўсе гады, што я выкарыстоўваю беларускую мову ў штодзённым ужытку, я яшчэ ніколі не чуў адмоўнай рэакцыі. Наадварот, людзі дзякавалі.

v5

— Што больш за ўсё запомнілася за ўсе разы, што вы ўдзельнічаеце ў фестывалі?

Д. К.: Мне вельмі спадабалася, што на адзін з фестываляў запрасілі замежных спецыялістаў. І не простых, а тых, хто меў вялікі досвед у рэкламнай справе і нават удзельнічаў у вядомым фестывалі рэкламы “Канскія львы”. А іншая гісторыя звязаная асабіста са мною. Аднойчы мне трэба было ўзнагароджваць пераможцаў фестывалю “ADNAK!”, якім я уручаў смартфоны. І вось мяне амаль кожную хвіліну выклікалі на сцэну: “Прадстаўнік кампаніі velcom Дзмітрый Курловіч. Прадстаўнік кампаніі velcom Дзмітрый Курловіч…” Пад канец мне здавалася, што ў зале не засталося чалавека, хто б не ведаў мяне і мае смартфоны. Заўсёды са смехам гэта ўспамінаю.

— Вашы відэаролікі стала перамагаюць на фестывалі. Як вы думаеце, чаму? У чым сакрэт трапнай і яскравай беларускамоўнай рэкламы?

Д. К.: Мы проста імкнемся кожны раз зрабіць яе на самым высокім узроўні, супрацоўнічаем не толькі з беларускімі спецыялістамі, але і замежнымі, збіраючы інтэрнацыянальную каманду пры стварэнні чарговага рэкламнага роліка. Нам, напрыклад, вельмі падабаецца супрацоўнічаць з сербскімі аператарамі. У іх досыць цікавы аўтарскі стыль. Таксама для нас вельмі істотна, каб была цікавая нестандартная ідэя, але каб яна была блізкай і зразумелай людзям. Бо калі ты нічога не разумееш, то, адпаведна, не лічыш гэта цікавым і вартым увагі. Працуй з душою, на поўную моц — і ўсё атрымаецца.

— Сапраўды, рэклама ад velcom заўсёды зробленая на самым высокім узроўні, але ці былі ў вас выпадкі, калі яна была няўдалай?

Д. К.: Хутчэй у гэтым была вінаватая не сама рэклама, а той прадукт ці паслуга, якую мы рэкламавалі: памылкова скіравалі іх не на тую мэтавую аўдыторыю ці няправільна выбралі час для гэтага. Але такое вельмі рэдка здараецца.

П. Г.: Рэклама можа быць самай рознай, але галоўнае — каб яна была зробленая з густам, мела свой непаўторны стыль. Мы імкнемся, каб наша рэклама несла пэўны пасыл да спажыўцоў, грамадства.

— Вы былі адной з першых буйных кампаній, якая пачала здымаць свае відэаролікі на беларускай мове і, безумоўна, тым самым паўплывалі на развіццё беларускамоўнай рэкламы. Як на гэта адрэагавалі вашы канкурэнты і партнёры?

П. Г.: Тое, што velcom стала асацыюецца з беларускай мовай, — для нас гонар. Мы доўга ішлі да гэтага, прыкладаючы шмат высілкаў, як інтэлектуальных, так і матэрыяльных. Кампанія velcom даўно заняла гэтую нішу сярод мабільных аператараў. І цяпер нашым асноўным канкурэнтам досыць цяжка паўтарыць наш поспех.

v2

“Цяжка знайсці мужчын 35+ для здымак у рэкламе”

— Кампанія velcom вядзе сацыяльна адказны бізнес і паспяхова ладзіць розныя дабрачынныя акцыі, у тым ліку па захаванні нашай гістарычнай спадчыны. Але часам можна пачуць, што бізнесоўцы гэта робяць выключна дзеля самапіяру. Як захаваць разумны баланс? У чым іх памылкі?

Д. К.: Кожная кампанія мусіць мець свой твар і імкнуцца весці сацыяльна адказны бізнес, бо яна з’яўляецца часткай гэтага грамадства і так ці інакш з ім узаемадзейнічае. Вельмі добра, калі яна не проста зарабляе грошы і думае пра прыбытак, але і спрыяе развіццю і станаўленню грамадства. Магчыма, калі ў цябе маленькі бізнес, ты не можаш зрабіць вялікіх унёскаў, але рабі тое, што залежыць ад цябе. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць, на маю думку, і тыя, хто гэтым у кампаніі непасрэдна займаецца, іх асабістае стаўленне да сваёй справы. Калі людзі лічаць, што яны гэта робяць толькі дзеля піяру, так гэта ўсё і будзе выглядаць. Асабліва калі хапаешся за кожны праект. І там, і там засвяціліся, паўдзельнічалі. Ведаеце, такі голы піяр.

v3

П. Г.: У нашай кампаніі мы вызначылі два прыярытэтныя кірункі: падтрымка дзяцей і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Гэта вельмі сур’ёзныя і адказныя мэты. Таму мы адпаведна і ставімся да іх — не як да чарговага піяру, а як да нашай адказнасці перад грамадствам.

— Тварамі вашых рэкламных кампаній часцей за ўсё робяцца звычайныя людзі. Зоркі вас не прывабліваюць ці пытанне ў цане? І наколькі лёгка сёння заангажаваць вядомага чалавека на ўдзел у рэкламе? Якія патрабаванні вы пры гэтым ім ставіце?

Д. К.: Так, мы робім рэкламу са звычайнымі людзьмі для такіх жа звычайных людзей. Часам запрашаем узяць удзел у нашых праектах і вядомых асоб. Гэта не так складана. Але я не магу прыгадаць выпадку, каб мы здымалі чалавека толькі таму, што ён вядомы, бо для нас у першую чаргу важна, каб ён суадносіўся з асноўнымі каштоўнасцямі velcom і нашым светаўспрыманнем. Мабыць, таму ў нашых рэкламных кампаніях мы і здымаем часцей за ўсё не прафесійных актораў, а звычайных людзей, якія і ў рэальным жыцці займаюцца тым самым, што трэба паказаць у роліку, каб гэта выглядала больш шчыра і эмацыйна. Напрыклад, мы калісьці рабілі відэаролік пра малы бізнес, і ў ім удзельнічаў сапраўдны пекар. Ён так натуральна і арганічна паказваў у кадры тое, чым займаецца кожны дзень, як ніводны актор ці мадэль не зрабіў бы.

Для здымак нам патрэбны розныя тыпажы. Але самае цікавае, што досыць цяжка знайсці мужчын 35+, каб яны пры гэтым яшчэ і добра выглядалі. Кандыдатаў шмат, але большасць з іх не хоча здымацца ў рэкламе, бо ў іх і так усё ёсць. Яны так і кажуць: “А навошта мне гэта?” Ці саромеюцца. Вось такі парадокс.

 

Ліна Мілаш

Фота Уладзіміра Грыбаедава