10 / 07

Ударым вынікам па стратэгіі: 11 парадаў ад Паўлюса Сянюты

Паўлюс Сянюта ў свеце рэкламы і стратэгічнага планавання — чалавек далёка не апошні. Ягоныя арыгінальныя ідэі можна пералічваць доўга, але згадаем, напрыклад, ідэю вобраза Літвы “Літва — смелая краіна”, што было досыць арыгінальна, з улікам таго, што ніводная краіна сябе такім чынам не пазіцыянавала.

На фестывалі ,.!adnak спадар Сянюта паразмаўляў з маладымі беларускімі калегамі пра тое, чаму стратэгія важнейшая за ідэю.

“Калі мы размаўляем пра стратэгію, то прыгадваем кнігу Сунь Цзы “Мастацтва вайны”, асноўная думка якой — “рабі адваротнае таму, што робяць іншыя”, — кажа спадар Паўлюс. — Адзіны крытэр эфектыўнай стратэгіі — непрадказальнасць. Вось у вас з’явілася адна “вялікая” ідэя” і вы прапрацоўваеце яе сто пяцьдзясят тысяч ракурсаў, а ўрэшце высвятляецца, што людзей чапляе самая проста ідэя”.

Спадар Сянюта — праціўнік стратэгіі з вялікай перспектывай, тым больш калі тая стратэгія базуецца на адной ідэі.

“Давайце паглядзім на фэйсбук, — кажа спадар Паўлюс. — Стваральнікі сеткі запусцілі, страшна сказаць, недароблены прадукт. Вось хамы, праўда? І паступова дарабляюць яго. А што мы маем у выніку? Самую папулярную сетку ў свеце. Давайце рабіць больш, а менш разважаць”.

Спецыяльна для лекцыі спадар Сянюта падрыхтаваў некалькі тэзісаў, якія могуць дапамагчы рэкламшчыкам і ўвогуле людзям, звязаным з творчым працэсам. Вось яны:

1. Працэс — не канкурэнтная перавага.

2. Сфакусуйцеся на выніках, а не на працэсе.

3. Стварайце “багатыя” ідэі, а не “вялікія”, “вялікія ідэі” моцна пераацэненыя.

4. Бесперапыннасць таго ці іншага працэсу пераацэненая.

5. Утрымлівайце баланс паміж запланаванай стратэгіяй, і той, што атрымліваецца ў працэсе развіцця.

6. Рабіце больш, думайце менш.

Гучыць правакацыйна, ёсць такое. Але ў той жа час гэта працуе. Што цікава, агенцтва, дзе працуе спадар Паўлюс, называецца Not Perfect, што, згадзіцеся, таксама незвычайна.

Да таго ж вось яшчэ некалькі парадаў ад спадара Паўлюса, якія варта паспрабаваць.

1. Будзьце карысныя, а не разумныя. Стратэгія — не замена рэальных дзеянняў

2. Адсочвайце момант, калі можна пачынаць ускладняць. Больш доўгая і працяглая стратэгія яшчэ не значыць лепшая.

3. Інтуітыўная стратэгія мусіць быць простай: каб прасцей было натхняць выканаўцаў і саміх сябе на крэатыў.

4. Гэта нармальна — ставіць на першае месца творчасць, а пасля рацыяналізм. Інакш адкуль вы возьмеце нечаканую стратэгію?

5. Вынік заўжды важнейшы за стратэгію.

Мікалай Левертаў