Віктар Марціновіч: «Беларусы — апошні народ, які гатовы напляваць на ўмоўнасці і казаць пра галоўнае»
Ці патрэбная сёння культура шырокай грамадскасці? Якая карысць бізнесоўцу ад пісьменніка? Што будзе, калі арганізаваць у “Бландынках і брунэтках” літаратурныя чытанні? Дзе залатое дно беларускай культуры і ці выратуюць яе мецэнаты? Гутарым з пісьменнікам Віктарам Марціновічам аб тэме яго выступу ў рамках адукацыйнай праграмы фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «ADNAK». Чарговае інтэрв’ю ў серыі «Годны шлях рэкламіста».
— Беларуская культура сёння шмат у чым трымаецца на энтузіязме людзей, якія імкнуцца да самарэалізацыі, прапануюць актуальныя ідэі, закранаюць надзённыя тэмы, важныя для грамадства. Аднак часцяком іх дзейнасць знаходзіцца ў полі зроку вельмі вузкай аўдыторыі і не прыносіць ніякай выгады, акрамя хіба што маральнага задавальнення.
Праблема ў тым, што ў Беларусі адсутнічаюць ключавыя звёны культурнай індустрыі, якія суправаджалі і прасоўвалі бы творчы прадукт — кнігу, музычны альбом, дызайнерскі або мастацкі праект.
Пры правільным падыходзе бізнес у культурнай сферы — залатое дно, але ў Беларусі гэтая ніша дагэтуль пустуе. Разам з тым сённяшняя сітуацыя ў культурнай і медыяпрасторы дае масу магчымасцяў для пабудовы прыбытковага бізнесу, які, разам з камерцыйным складнікам, адпавядаў бы высакароднай мэце папулярызацыі беларускай культуры. Менавіта гэтую тэму я збіраюся абмяркоўваць у якасці спікера адукацыйнай праграмы фестывалю «ADNAK».
— Давайце ахарактарызуем больш дэталёва згаданую вамі культурную сітуацыю і змены, якія ў ёй адбываюцца.
— Негатыў у тым, што ў беларусаў вельмі моцная звычка недаацэньваць сваё і купляцца на добра раскручанае чужое. Мы верым, што ўсё беларускае другаснае, а Беларусь — месца, дзе нічога добрага няма і быць не можа. Тая ж сітуацыя ў нашай культурнай і медыйнай прасторы, прычым у сілу геаграфічнай і моўнай блізкасці тут абсалютна дамінуе ўплыў Расіі. Беларусы прывыклі ўспрымаць расійскіх медыйных персон як сваіх культурных герояў.
З іншага боку, культурныя кантэксты Беларусі і Расіі ўсё больш аддаляюцца адзін ад аднаго, яны адзіныя хіба што ў галовах прамоўтараў. Тое, пра што, прыязджаючы сюды, кажуць раскручаныя ў Расіі Парфёнаў, Уліцкая, Жванецкі, усё менш актуальна для беларусаў, а Грышкавец з Задорнавым зусім выклікаюць млоснасць. Утварыўся вакуум, які трэба чымсьці запаўняць. Вось гэты момант трэба выкарыстоўваць, каб вывесці на першы план беларускіх культурных герояў. Да таго ж буйныя медыі сёння выказваюць да іх цікавасць, і такой спрыяльнай сітуацыяй трэба карыстацца.
— На чым грунтуецца ваша ўпэўненасць, што бізнесоўцу лепш слухаць вас, а не Задорнава або спявачку, якая спявае са сцэны начнога клуба?
— Калі ўзяць, да прыкладу, беларускіх літаратараў, то яны — свайго роду дактары грамадства, сэнс іх дзейнасці — расказаць пра тое, як беларусы жывуць, радуюцца і пакутуюць, чаму співаюцца, у чым бачаць сэнс жыцця ці, наадварот, чаму яго страчваюць. Людзі маюць патрэбу ў тым, каб ім дапамаглі зразумець саміх сябе.
Іншая справа, што ў нас існуе стэрэатып, быццам сучасная культура — гэта незразумела, а беларуская літаратура — нудныя абстрактныя развагі. На самай жа справе я прыйшоў да высновы, што менавіта літаратура — найлепшы медыум, найлепшы камунікатар для сучаснага грамадства.
Вось чалавек, якога, здаецца, нічога не цікавіць, акрамя як ссекчы бабла, — а літаратар ведае, што прымушае яго плакаць, смяяцца, бухаць або скокнуць галавой уніз з пятага паверха. Хтосьці арэ зямлю, хтосьці гандлюе півам, а літаратар піша кнігі — гэта нашая праца.
— Строга кажучы, для большасці беларускіх пісьменнікаў літаратура — праца, але не прафесія, бо гэта не асноўная крыніца даходу.
— Праўда, і гэта тыповая беларуская сітуацыя. Мы прывыклі да думкі, што немагчыма займацца творчай самарэалізацыяй і зарабляць у адным і тым жа месцы. У нас ёсць маса прыкладаў, калі чалавек у сябе дома запісвае музыку ў камп’ютар, а з 9 да 17 укладвае трубы, або працуе ў ЖЭСе, а па выхадных піша апавяданні. Людзі, нават у найвышэйшай меры таленавітыя, часта займаюцца творчасцю для сябе або ў якасці хобі, таму што ў Беларусі складана гэтым зарабляць.
Вось прыклад: я напісаў навукова-папулярную кнігу пра Шагала, яна прывязаная да Беларусі і яна пра знакамітасць. У любой іншай краіне яна стала б камерцыйна вельмі паспяховай. Але я загадзя ведаю, што не атрымаю фінансавых дывідэндаў, таму што ў нас не знайсці прафесійнага агента, які заняўся б раскруткай гэтай кнігі, няма сістэмы камерцыйных кнігарняў, праз якія я мог бы прадаць кнігу і зарабіць 10 тысяч долараў. Атрымліваецца, для мяне гэтая кніга таксама, па вялікім рахунку, хобі, хоць і падрыхтаваная з прафесійным падыходам.
— Прынята лічыць, што гэтыя ўмовы (немагчымасць зарабляць творчасцю) — гэта той самы стымул, які дазваляе беларусам ствараць унікальны прадукт (музычны, літаратурны і гэтак далей), такі яркі менавіта таму, што робіцца ён на энтузіязме хобі.
— Можа быць. Нядаўна я адчуў самыя прафесійна спрыяльныя ўмовы на сябе, правёў месяц у літаратурным доме ў Берліне і вось што я скажу: патрэбныя не толькі грошы, не толькі мецэнацтва (гэта сапраўды можа толькі пашкодзіць творчаму працэсу), а патрэбныя ўмовы для працы, то бок прафесійная сістэма прамоцыі прадукту творчай дзейнасці: канцэртныя і івэнт-агенцтвы, выдавецтва, кніжны гандаль, рэклама… Усе гэтыя напрамкі ў Беларусі цалкам не развітыя, а яны маглі б быць вельмі прыбытковымі як бізнес. Мы ж ведаем прыклады людзей, у якіх атрымлівалася вельмі добра зарабіць на беларускай літаратуры. Адзін з іх — паважаны мной Адам Глобус.
Нам патрэбнае асяроддзе, дзе можна было б прадстаўляць творчыя ініцыятывы — яе нам таксама катастрафічна не хапае. У нас ёсць галерэя «Ў», але чаму б не адкрыць яшчэ дзясятак кавярняў, дзе праходзілі б прэзентацыі мастацкіх праектаў або літаратурныя чытанні? Чаму б уладальнікам ужо існых устаноў не арганізаваць там нейкія культурныя мерапрыемствы? Думаю, пасля некалькіх начных літаратурных чытанняў у «Бландынках і брунэтках» з апавяданнямі пра сэкс, Мінск, здраду і яшчэ што-небудзь такое клуб стаў бы культавым у асяроддзі, за якое, прынамсі, было б не сорамна.
Яшчэ адзін важны аспект: у нас у краіне ёсць тысяч дзесяць бізнесменаў, якія маюць магчымасць укласці невялікую частку — дапусцім, адзін працэнт — свайго даходу ў культурныя ініцыятывы і атрымаць няхай не хуткі прыбытак, але пэўны аўтарытэт, павагу ў якасці людзей, якія маюць дачыненне да культурнага працэсу. Нездарма многія буйныя кампаніі падтрымліваюць творчыя ініцыятывы, і ў Беларусі такая тэндэнцыя таксама пазначылася.
— Калі ўявіць, што ўсё апісанае вамі рэалізавалася — наколькі эфектыўна гэта дазволіць папулярызаваць культуру? Да якой ступені ўстойлівыя стэрэатыпы адносна культуры і мастацтва, якія склаліся сёння ў грамадстве?
— Самыя ўстойлівыя стэрэатыпы фармуюць мас-медыі. Многія людзі з дня ў дзень, напрыклад, сядзяць на адных і тых жа інтэрнэт-рэсурсах, і інфармацыя, якую яны атрымліваюць, фармуе іх карціну свету. Калі з'ява ці падзея, хай нават надзвычай важная, не асвятляецца, умоўна кажучы, на TUT.BY, — яе быццам і не існуе для чалавека, які выкарыстоўвае гэты рэсурс у якасці асноўнай крыніцы інфармацыі.
— Гэтак жа фармуецца і імідж медыйнага героя, праўда?
— Менавіта так. Людзі, якіх мас-медыі прапануюць нам як культурных аўтарытэтаў, могуць такімі зусім і не быць, але сфармаваць патрэбны стэрэатып увогуле нескладана. Немагчыма без іранічнай усмешкі слухаць Саладуху, хоць ён, безумоўна, медыйная персона і ўспрымаецца многімі як культурны аўтарытэт. Людзі, якіх паказваюць па тэлевізары, і людзі, якія таленавітыя і робяць сваю справу выдатна, — не адны і тыя ж людзі. Проста, як сцвярджаюць аўтарытэтныя спецыялісты, інфармацыя, умела запушчаная ў сродкі масавай камунікацыі, пачынае шматкроць прайгравацца — як вірус.
— Мабыць, гэтую з’яву можна выкарыстоўваць у сваіх мэтах? І тут мы вельмі блізка падыходзім да сферы рэкламы…
— Так, гэтая з’ява можа быць нам на руку ў двух выпадках: па-першае, калі мы хочам бясконца маніпуляваць тымі, хто спажывае прадукты, якія мы ствараем. Але мне больш да душы іншая сітуацыя: калі мы, як Морфеус, прапануем грамадству пілюлю, ад якой грамадства прачнецца. У якасці гэтай пілюлі выступае добрая літаратура, якасная музыка. Калі кніжка, фільм, трэк ёсць у сетцы, калі гэты творчы прадукт досыць моцна зараджаны, калі ён «чапляе» людзей, то ён пачынае распаўсюджвацца, як вірус.
— Што трэба рабіць, каб гэты вірус зачапіў людзей, далёкіх ад нашага культурнага «гета»? Што рабілі вы?
— Я не рабіў нічога асаблівага — проста пісаў і расказваў пра тое, што я пішу. Уласна, я і працягваю гэтым займацца. І павінен сказаць, што тая самая шырокая аўдыторыя, да якой мы часцяком ставімся з недаверам, на самай справе гатовая ўспрыняць значна больш, чым мы думаем. Я прыходжу да такой высновы, калі рэгістратар дзяржканторы просіць мяне пакінуць аўтограф для аднаго са сваіх калег, які чытае мае кнігі.
І пасля творчай сустрэчы ў Вільні, куды прыходзілі і беларусы, якія апынуліся ў горадзе праездам, і мясцовыя гіды, і студэнты… І пасля выступу ў БДУ, дзе мяне прадставілі як вандроўца, але ў выніку атрымалася гутарка пра ўсё на свеце, а потым зусім незнаёмыя людзі пісалі мне і дзякавалі за тое, што я ім на многае раскрыў вочы.
Беларусы — мабыць, апошні народ, які гатовы напляваць на выгляд, грошы, гламур і казаць пра важнае, звяртацца да самой сутнасці — я шмат падарожнічаю, паверце мне. Таму культура тут мае перспектывы, таму я бясконца люблю сваю краіну, веру ў яе і веру ў сябе ў беларускай культуры. Не тое каб мне тут было добра. Мне тут складана. І мне гэта падабаецца.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»