6 міфаў пра краўдфандынг
Калектыўны збор сродкаў на цікавыя, добрыя, шчырыя справы ў Беларусі яшчэ не моцна распаўсюджаны. І каб зразумець, у чым жа прычыны гэтага, і ці стане калектыўнае фінансаванне добрай беларускай традыцыяй, кампанія “Будзьма беларусамі!” сабрала вядомых асобаў у Першым крэатыўным хабе “Корпус8” паразважаць пра гэта разам.
Тэма сфармулявалася натуральна: “Краўдфандынг: жабрацтва ці дабрачыннасць?”. Спікеры – усе людзі з досведам: Вольга Мжэльская, піяр-менеджар Ulej.by, Дзяніс Кандратовіч, аўтар першага краўдфандынгавага праекту, аукцыёна сустрэч “МаеСэнс”, Марыя Шарый, удзельніца гурта сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” і рэгіянальны каардынарар ГКК “Будзьма беларусамі!”, Віктар Марціновіч, пісьменнік, аўтар раманаў “Сфагнум”, “Мова”, Аляксей Багдасар’ян, аўтар паспяховага сацыяльнага праекта “Оле-Засынай паволі”, а таксама вядучы ток-шоў паэт і шоўмэн Усевалад Сцебурака. Таму паслухаць іх і пазадаваць надзённыя пытанні сабралася шмат цікаўных.
У свеце краўдкампаніі збіраюць грошы на поўнаметражнае кіно, будаўніцтва Мінас-Цірыта, сацыяльныя праекты і тэхнічныя ідэі. Агулам за 2015 год людзі назбіралі амаль $35 млрд, а рынак расце штогод больш чым на 100%. У нас такая практыка з’явілася нядаўна, але колькасць удзельнікаў паступова расце. Праўда, хуткім гэты рост назваць складана.
Міф 1. Краўдфандынг – гэта жабрацтва
Народнае фінансаванне (сrowd – “натоўп”, funding – “фінансаванне”) – гэта наша спрадвечная дапамога талакой, толькі ў новым фармаце. А яшчэ гэта будучыня і новая форма плаціць падаткі, перакананы Алег Хаменка: “Я б хацеў, каб у нас было правільнае разуменне. Гэта не жабрацтва і не дабрачыннасць, а ўласны ўплыў на сённяшняе грамадства. Я галасую ўласным рублём, а не птушкай каля “так” ці “не”. Ён, дарэчы, сам паспяхова сабраў грошы на мабільны дадатак з народнымі казкамі.
Нядаўна людзі з розных краін прагаласавалі за новы альбом “Старога Ольсы”, на які збіралі грошы праз Kickstarter. Удзельніца гурта Марыя Шарый правяла кампанію і падзялілася досведам: “На альбом сярэднявечнай музыкі ахвяравалі людзі з ЗША, дзе ўласна Сярэднявечча і не было. Але яны ўпадабалі ідэю. Некаторыя з нашых донараў на той час падтрымалі ўжо больш за 200 праектаў. А гэта сведчыць пра тое, што амерыканскае грамадства, у адрозненне ад беларускага, гатовае да ўзаемадапамогі, гатовае даць камусьці першапачатковы старт у жыцці для спраўджання чыёйсьці мары”. Яна перакананая, што ўдзел у краўдфандынгу – цалкам станоўчы досвед: “Гэта аб’ядноўвае людзей, і ва ўдзельнікаў выклікае далейшае жаданне дапамагаць іншым. Гэта новая форма стасункаў, якая мае камерцыйную аснову, але пры гэтым з вельмі эмацыйным складнікам. Такія стасункі дазваляюць выходзіць трошкі шырэй за межы сваёй канапы, уключаючыся з цікавасцю ў грамадскія працэсы і становячыся асабістай гісторыяй кагосьці”. Што і казаць, досвед сапраўды станоўчы: дзякуючы гэтай кампаніі ў жніўні гурт выпраўляецца ў ЗША з вялікім канцэртным турам.
Піяр-менеджар Ulej.by Вольга Мжэльская лічыць, што такім шляхам ідзе адбор насамрэч вартых праектаў: “Акрамя маёй працы на Ulej я яшчэ арт-менеджар. Бывае так, што распавядаеш якому-небудзь менеджару, што хочаш прывесці вядомага чалавека, зладзіць выбітную імпрэзу, а ён кажа, што такога мастака не ведае, а значыць, ніхто яго не ведае і грошай не дасць. І вось адзін супрацоўнік буйной канторы вырашае, што варта пабачыць шырокай публіцы”.
Апроч адчування ўласнай значнасці донар таксама можа атрымаць эксклюзіўныя падарункі ад аўтараў праекта. Гэта можа быць як рэдкая рэч, так і выключная мажлівасць кшталту пабачыцца са спевакамі ці пабываць на перадпрэм’ерным паказе.
Міф 2. Калі праект не збярэ патрэбную суму, вашы грошы забярэ пляцоўка
Звычайна пляцоўка вызначае пэўны тэрмін, за які каманда павінная назбіраць заяўленую суму для свайго праекта. Калі донар уклаўся ў нечую ідэю, але яна не стала дастаткова цікавай, па сканчэнні тэрміна кампаніі яму вернуць ягоны ўклад цалкам.
Вольга Мжэльская адзначыла, што грошы да сканчэння тэрміну збору знаходзяцца на транзітных рахунках у партнёрскім банку, і аўтар праекта атрымае іх толькі пры ўмове збору сумы цалкам. “Мы спачатку думалі аддаваць любую суму. Але калі праект замоўлены на 3 тысячы долараў, а сабраў толькі 200 долараў, хіба здолее аўтар зрабіць нешта якасна? Можа, нешта на каленцы і прыдумае, але людзі давалі яму грошы на іншае”, – падкрэсліла яна.
Махлярыць у гэтай справе немагчыма ні аўтару, ні пляцоўцы, на донару. Так, заснавальнік MaeSens Дзяніс Кандратовіч распавёў, што ўсе бакі працэсу абароненыя дамовамі: “Тут працуе дзяржаўнае заканадаўства, так што і пакаранне за махлярства суадноснае”.
Міф 3. На пляцоўцы можна збіраць грошы на любыя праекты
“Мы не збіраем грошы на палітычныя праекты”, – акрэсліў сваю пазіцыю Дзяніс Кандратовіч. Па яго словах, нейкага спісу ідэй, якіх не падтрымае яго пляцоўка, пакуль няма. Аднак мадэратары не прымуць ініцыятыву, якая пашкодзіць грамадству, альбо будзе мець палітычны ўхіл. Вольга Мжэльская падзяліла такое меркаванне: “Мы падтрымаем усё, што не забаронена законам, але стараемся трымацца ад палітыкі далей”, – і адзначыла, што ніякіх прымхаў да праектаў меншасцяў, кшталту ЛГБТ, Ulej не мае.
Аднак кожны праект асабіста разглядаюць мадэратары і могуць адмовіць з нейкіх толькі ім зразумелых прычынаў. Напрыклад, Talaka.by адмовілася збіраць грошы на друк хрысціянскай азбукі – бо яна хрысціянская.
Міф 4. У краўдфандынгу ўдзельнічаюць, каб папіярыцца
Аўтар паспяховага сацыяльнага праекта “Оле-Засынай паволі” Аляксей Багдасар’ян прызнаўся, што трохі скарыстаўся ў сваім праекце службовым становішчам: “На радыё ўвесь час звяртаюцца з просьбай дапамагчы хворым дзецям, але ў эфіры такая інфармацыя хутка губляецца. Таму мы на “Юністар” прыдумалі зрабіць унікальныя падарункі для донараў і адышлі ўбок. Так людзі атрымалі запрашэнні на эфір ці экскурсію на радыё. Яшчэ я прасіў супрацоўнікаў дзяліцца інфармацыяй пра кампанію ва ўласных стужках. Але гэта не была рэклама, мы ўсе хацелі зрабіць сур’ёзную справу, дапамагчы. Таму і самі ўкладаліся”.
Так, дзякуючы 514 донарам атрымалася назбіраць сродкі на абсталяванне для кабінета ЛФК у дзіцячым хоспісе з адпаведнымі трэнажорамі інвентаром, на мэблю, (бескаркасныя крэслы, медыцынскую банкетку, стол, стул, лямпу настольную, шафу, вешалку), кампутар і музычны цэнтр.
“Вось дзіця хварэе, але марыць пра сінтэзатар. Яму робяць такі падарунак. І ці не ўсё роўна, рэклама гэта ці не, калі дзіцячая мара здзейснілася?” – дзівіўся Дзяніс Кандратовіч.
Міф 5. У Беларусі нельга сабраць грошы на сталы праект
Цяпер толькі 10% донараў нейкай пляцоўкі стала падтрымліваюць праекты. У асноўным людзі прыходзяць на пляцоўкі па спасылцы з сацыяльных сетак ці анлайнавых выданняў. На сёння ў Беларусі сярэдні чэк бэйкера – 23$, у Расіі – 25$, а ў ЗША – 32$. Так што розніца ў сярэднім заробку не катастрафічна ўплывае на здольнасць да ахвяраванняў.
За год сваёй дзейнасці Ulej здолеў паспяхова скончыць збор грошай на 40% праектаў, сярод якіх – некалькі фільмаў, кніг, музычных альбомаў і кліпаў, а таксама сацыяльныя і інклюзіўныя праекты на сотні мільёнаў рублёў. Часам беларускі донар нават не ведае, што паўдзельнічаў у краўдфандынгу. “Я сустракала людзей, якія пераходзілі па спасылцы на наш сайт, ахвяравалі грошы на праект і не ведалі, што за Ulej і чым там людзі займаюцца”, – распавяла Вольга Мжэльская.
Увогуле нашы донары маюць некалькі агульных рысаў: у іх сярэдняя зацікаўленасць у праекце (мала хто лістуецца з аўтарамі і сочыць за кожным этапам, але вынікамі цікавяцца), яны ахвяруюць на культуру і сацыяльныя ідэі, адкрытыя для новых ідэй і толькі вучацца ахвяраваць.
Міф 6. Удзельнічаць у краўдфандынгу складана
З той сустрэчы мы склалі простыя алгарытмы і парады практыкаў, як падтрымаць вартыя вашай увагі праекты ці як пачаць збіраць грошы на сваю ідэю. У байнэце ёсць тры пляцоўкі: Ulej, MaeSens і Talaka. Кожная мае асаблівасці, але асноўныя крокі аднолькавыя.
Як знайсці і падтрымаць праект
Калі даяце грошы на ініцыятыву – вы бэйкер. За свой удзел можаце атрымаць месца ў спісе сяброў праекта альбо эксклюзіўны падарунак.
Першы крок: праходзіце максімальна спрошчаную рэгістрацыю: імя/прозвішча, пошта, пароль.
Другі крок: абіраеце ў спісе катэгорый праектаў вашу ўлюбёную: ад ежы да тэхналогій. Цяпер самыя папулярныя плыні – культура і сацыяльныя ідэі: такія праекты часцей збіраюць поўную суму. Ці пераходзьце па спасылцы ад сяброў у сацсетцы.
Трэці крок: мінімальнае ахвяраванне на “Вулеі” – 0,25 долара. За большыя грошы можна атрымаць унікальны падарунак (яны часцяком вельмі файныя). Пераводзяць грошы праз сістэму беларускага ці замежнага банка альбо праз АРІП (калі аплачваеце паслугі ЖКГ праз яго, то тут дакладна разберацеся).
Чацвёрты крок: вы малайчына, адчуваеце гонар за сябе, чакаеце падарунак.
Можна камунікаваць з ініцыятарамі праекта, сачыць за яго развіццём альбо забіць на яго – тут каму як падабаецца.
І галоўнае: не бойцеся і не саромейцеся пачынаць. Краўдфандынг – гэта не жабрацтва. І нават калі ў вашых сяброў занадта інтымнае стаўленне да ўласных стужак у сацсетках, то зусім незнаёмыя людзі могуць дапамагчы не толькі шэрам, але і грашыма. Галоўнае, каб ідэя была файнай (успомніце, як збіралі на Гуркова ці на Heta Belarus Dzietka!).
Рабіце і падтрымлівайце істотныя праекты. Бо разам да справы дайсці прасцей.
P.S. І ёсць нагода не адкладаць на пазней! Яшчэ не позна спрычыніцца да арганізацыі яскравай падзеі – Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!, адчуваць за гэта гонар, а таксама ўдзячнасць арганізатараў. Зрабіце свой унёсак, каб прастора, у якой мы жывем, станавілася ўсё прывабней і радней тут: ulej.by
Марыя Грыц, фота Зарыны Кандрацьевай