Пра фестываль
У 2016 годзе Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! праходзіць ужо сёмы раз.
Галоўная ідэя сёлетняга Фестывалю: аDNаK! – ген беларускага крэатыву.
Слоган Фестывалю: “аDNаK! – Код тваёй крэатыўнасці”.
Сутнасць ідэі: сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, якія ўжо закладзеныя ў нашых генах.
У гэтым годзе фестывальны дзень (адукацыйная праграма і цырымонія ўзнагароджвання) адбудзецца 30 чэрвеня.
Галоўныя мэты Фестывалю аDNаK!
— развіццё рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі;
— дэманстрацыя новых трэндаў і сучасных формаў масавай камунікацыі ў спалучэнні з нацыянальным каларытам і адметнасцямі;
— заахвочванне рэкламістаў ствараць беларускамоўныя і/альбо беларусаарыентаваныя прадукты;
— дэманстрацыя таго, што беларуская мова – якасны і сучасны сродак камунікацыі;
— заахвочванне беларускіх кампаній пераасэнсаваць свае брэнды з улікам нацыянальнай культуры і адметнасці.
Летапіс фестывалю
AD.NAK!-2015:
Пададзена 370 работ ад 200 удзельнікаў.
Асноўная канцэпцыя – паказаць, як кожны рэкламіст праходзіць свой шлях да поспеху. Спачатку ты сумняешся, потым прыходзіш да нядрэннай канцэпцыі і ў выніку, у раптоўным парыве натхнення, ломіш грыфель свайго алоўка – і вось ён, той самы інсайт!
AD.NAK!-2014:
Пададзена 400 заявак ад 200 удзельнікаў.
Вырашана было ўзмацніць выснову: калі ты хочаш быць заўважным, заўважаным і паважаным, трэба дбаць пра свае – беларускія – інтарэсы (асабістыя і/ці карпаратыўныя), абапіраючыся на нацыянальнае, ментальнае. Тады ты паспяховы, тады ты ў трэндзе, ты – адметны! Дбай пра сваё – не прагадаеш!
AD.NAK!-2013:
Пададзена 314 заявак ад 105 удзельнікаў.
Асноўнай мэтай было звярнуць увагу прафесійнай супольнасці на невідавочную аксіёму: калі ты беларускаарыентаваны, ты ўжо ў трэндзе. Фестываль падштурхоўваў адмыслоўцаў і энтузіястаў да пошукаў свайго “прафесійнага шчасця” менавіта ў беларусацэнтрычным сегменце – уключыць выключнасць!
AD.NAK!-2012:
Болей за 300 заявак ад больш як 100 удзельнікаў.
Была мэта праз Фестываль даць новы штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі і паказаць кампаніям іх брэнды і іх спажыўцоў з іншага боку, прымусіць па-новаму зірнуць на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з аўдыторыямі.
AD.NAK!-2011:
272 заяўкі ад больш як 100 удзельнікаў.
Галоўная мэта — выпрацоўка нацыянальных прыярытэтаў у рэкламе, пошук новых формаў камунікацыі, адзначэнне найбольш эфектыўных сярод даўно існых, высвятленне, наколькі якасным камунікацыйным інструментам з’яўляецца беларуская мова, наколькі эфектыўная нацыянальнаарыентаваная рэклама.
AD.NAK!-2010:
105 працаў ад 59 удзельнікаў.
Галоўная мэта — вызначэнне становішча беларускамоўнай рэкламы на сучасным этапе. Неабходна было не толькі сабраць максімальную колькасць працаў і ўдзельнікаў, але і зразумець, як далей будзе развівацца гэты кірунак рэкламы ў нашай краіне. Спаборніцкі акцэнт, уласцівы фестывалям рэкламы, быў адсунуты на другі план.
Падобны шлях праходзіць і наша рэклама: ад нясмелых сумневаў, ці варта рэкламавацца па-беларуску, да ўнутранай упэўненасці, што ты на правільным шляху, і, нарэшце, да таго самага моманту, калі ты не баішся на поўны голас заявіць пра сябе на беларускай ніве!
Дадатковую інфармацыю пра Фестываль можна атрымаць па тэлефонах: +375 29 371-01-21, альбо праз e-mail adnak@budzma.org