АDNАK! абвяшчае аб пераносе тэрмінаў правядзення Фестывалю
У гэтым годзе Фестываль АDNАK! займеў шмат істотных зменаў, выкліканых уключэннем у рэйтынг крэатыўнасці беларускіх рэкламных агенцтваў АКМА і АРА. І каб адпавядаць яшчэ вышэй паднятай планцы, Аргкамітэт вырашыў парушыць шматгадовую традыцыю абвяшчэння Фестывалю ўвесну і перанесці тэрміны правядзення Фестывалю ADNAK!
Больш дакладныя даты правядзення Фестывалю будуць вызначаныя ў ліпені гэтага года.
“Уключэнне аж у два рэйтынгі крэатыўнасці, чаго мы чакалі даўно, матывуе нас рыхтаваць Фестываль іначай, чым у папярэднія гады. А гэта запатрабавала дадатковага часу і высілкаў. І таму, узважыўшы ўсе арганізацыйныя акалічнасці, мы вырашылі, што лепш парушыць шматгадовую традыцыю абвяшчэння Фестывалю ўвесну, чым зрабіць яго не так, як нам бачыцца ў гэтым годзе”, — адзначыла сустаршыня Аргкамітэта Фестывалю, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская.
Наступны Фестываль АDNАK! пройдзе ў абноўленым фармаце.
Асноўнае — усе намінацыі Фестывалю будуць падзяляцца на 2 асобныя блокі:
- Камерцыйны блок — камерцыйная рэклама тавараў і паслуг,
іміджавая рэклама кампаній. Удзел у намінацыях гэтага блоку будзе платным. - Некамерцыйны блок — сацыяльная рэклама, грамадсказначныя і беларусаарыентаваныя праекты. Удзел у намінацыях гэтага блоку будзе па-ранейшаму бясплатным.
Таксама будзе працаваць менш складаў журы:
- Крэатыўнае журы
- Журы дызайну
- Digital-журы
- Журы сацыяльнай рэкламы, грамадсказначных і беларусаарыентаваных праектаў
Такія новаўвядзенні абумоўленыя прафесійным ростам Фестывалю, які за гады свайго існавання ператварыўся з месца акумулявання спецыялістаў рэкламнага рынку, неабыякавых да беларускай мовы і культуры, у сапраўдную творчую лабараторыю са сваімі правіламі і ўзроўнем.
Пра іншыя навінкі Фестывалю будзе паведамлена дадаткова.
Фестываль аDNаK — гэта:
– выяўленне і актывізацыя беларускага крэатыўнага коду, вылучэнне адметных рысаў беларускамоўнай рэкламы;
– фіксацыя працэсаў эвалюцыі беларускага рэкламнага рынку;
– папулярызацыя, своеасаблівая “прышчэпка беларускасці” для рэкламістаў, кліентаў і спажыўцоў.
Да ведама:
Ад самага першага Фестывалю, які прайшоў у 2010 годзе, арганізатары прапаноўвалі ўдзельнікам ідэі, дзякуючы якім прадстаўнікі грамадскасці і прафесійнай супольнасці маглі па-новаму зірнуць на актуальныя пытанні ў сферы камунікацыі і рэкламы. Кожны з Фестываляў меў сваю ўнікальную канцэпцыю, вакол якой і разгортваліся ўсе падзеі.
Прыкладам, у 2014 годзе асноўная думка, якую даносіў Фестываль, была наступнай: “Трэба так! Дбай пра сваё — не прагадаеш!”. Арганізатары матывавалі беларускіх рэкламістаў працаваць у адпаведнасці з сусветным трэндам Glocal (спалучэнне глабальнага і лакальнага), калі цікавыя ідэі і рашэнні лакальнага ўзроўню могуць стаць запатрабаваныя і ў глабальным маштабе. У 2015 годзе фестываль прайшоў пад слоганам “Годны шлях рэкламіста”, а ўдзельнікам прапаноўвалася праз сваю творчасць і крэатыўны падыход “дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці шлях ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!”. Мінулагодні Фестываль праходзіў пад слоганам “аDNаK — Код тваёй крэатыўнасці!” і даводзіў, што сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, закладзеных у нашых генах, якія і прапаноўвалася адшукаць.
Восьмы фестываль замацоўвае папярэднія пасылы, падкрэсліваючы, што дзякуючы агульным каштоўнасцям (традыцыям, мове, генам) усе мы — аднакарэнныя.