“Беларускамоўная рэклама лепш прыцягвае ўвагу”
Прадстаўніцтва ААН у Беларусі стварыла ролік для праекта па будаўніцтве энергаэфектыўных будынкаў у Беларусі. Паколькі праект ужо запушчаны, ён меў патрэбу ў належнай рэкламе, і анімацыйная студыя Supamotion стварыла кароткі мультфільм пра карысць і ўтульнасць будынкаў новага тыпу.
“Нашай задачай было стварыць ролік з улікам чатырох патрабаванняў, — расказвае прадстаўнік студыі Валянцін Саўць. — Патрабаванні былі такімі: ролік мусіць агучвацца жаночым голасам, графіка мусіць падабацца дарослым і дзецям, ролік ствараецца ў ТБ і інтэрнэт-варыянтах (маецца на ўвазе шырыня кадра), і ролік мусіць быць беларускамоўным”.
“ПРААН усе свае праекты ў Беларусі робіць на дзвюх мовах, – кажа куратар праекта ад ПРААН Аляксей Чыстадарскі. – Абавязкова беларускамоўны варыянт, і абавязкова англамоўны. Пры патрэбе ствараецца і версія на рускай мове, дарэчы, вось гэты ролік па-руску глядзіцца не так яскрава – беларуская мова надае адчуванне ўтульнасці. Тым больш беларускамоўная рэклама звычайна прыцягвае больш увагі”.
Энергаэфектыўныя будынкі — гэта не нешта з навуковай фантастыкі мінулых часоў, звонку гэта абсалютна звычайны дом, аднак, як робіцца зразумела з роліка, жыць у такім і эканамічна прыемней, і прыродзе шкода ад дома меншая.
“Першапачаткова мы зрабілі ролік з хлопцам і вінтажным мікрааўтобусам, аднак у выніку было прынятае рашэнне замяніць хлопца на дзяўчыну (жанчына ж найчасцей захоўвае ўтульнасць у доме), а мікрааўтобус — на больш сучасную машыну, каб паказаць камфорт і сучаснасць, — расказвае спадар Валянцін. — Таму хутчэй за ўсё ў эфір трапіць версія з дзяўчынай, а сабе ў партфоліа мы возьмем рэжысёрскую версію з хлопцам і вінтажным мікрааўтобусам.
З голасам дыктара нам пашанцавала. Знаёмыя парэкамендавалі для гэтай ролі Таццяну Баўкалаву (актрыса Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Горкага). Яе голас падышоў ідэальна, мы не маглі нарадавацца, так выдатна ўсё гучала”.
Мікалай Левертаў, budzma.by