22 / 06

“Для “Аліварыі” гонар падтрымліваць беларускі спорт, як гэта рабіў граф Чапскі”

Сёлета “Аліварыя” ўпершыню адкрыла ў Мінску фан-зону Еўра-2016, дзе можна за кубачкам пеннага піва заўзець за любімую зборную. Натуральна, што тысячы футбольных заўзятараў гэтым актыўна карыстаюцца. Прыходзяць нават замежнікі. Менавіта там мы сустрэліся з кіраўніком групы па кіраванні брэндамі ААТ “Піўзавод Аліварыя”, Carlsberg Group Людмілай Стручэўскай з якой пагутарылі пра тое, чаму яны актыўна развіваюць беларускую культуру заўзення, як славуты мінскі галава падтрымліваў спорт і чаго “Аліварыя” чакае ад Сёмага фестывалю беларускамоўнай рэкламы “ADNAK!”. А ў якасці бонусу наша суразмоўца дала парады, як правільна выбіраць адзін з самых папулярных напояў беларусаў — піва.

http://budzma.by/wp-content/gallery/ali/1.jpg

“Свой унёсак у падтрымку фестывалю “ADNAK!” у нас робяць нават самі супрацоўнікі”

— Людміла, вы стала ўдзельнічаеце ў Фестывалі беларускамоўнай рэкламы “ADNAK!”. Чаго чакаеце ад удзелу гэтым разам?

Чакаем, безумоўна, новых цікавых прац, якія змогуць уразіць і натхніць на новае пераасэнсаванне спрадвечнай духоўнай і культурнай спадчыны Беларусі. Вельмі прыемна, што з кожным годам колькасць удзельнікаў расце і пашыраецца на самыя розныя сферы ўжытку беларускамоўнай рэкламы. “Аліварыя” шмат гадоў удзельнічае ў “ADNAK!”, і за гэты час мы паспелі стаць добрымі сябрамі з арганізатарамі фестывалю. Гэта пакуль адзіны фестываль беларускамоўнай рэкламы, таму вельмі важна яго падтрымліваць, каб ён і надалей існаваў і развіваўся, а праз яго — наша культура, мова. Свой унёсак у падтрымку фестывалю “ADNAK!” у нас робяць нават самі супрацоўнікі.

Наша кампанія цалкам задаволеная выкарыстаннем беларускай мовы ў сваіх камунікацыях са спажыўцамі. Гэта натуральная з’ява для нас. Яшчэ з часу першага свайго з’яўлення на беларускім рынку ў 1994 годзе брэнд “Аліварыя” заўсёды быў на беларускай мове. Называцца па-беларуску, а камунікацыю весці на іншай мове было б, пагадзіцеся, дзіўна і недарэчна. Нам ёсць чым ганарыцца. “Аліварыя” сапраўды стала нацыянальным півам, якое мае сваю адметнасць, свой твар і смак. І нам вельмі прыемна чуць ад замежнікаў, якім ёсць з чым параўноўваць, што ім яно даспадобы. Пра гэта сведчыць і той факт, што мы актыўна супрацоўнічаем з пасольствамі, якія на розныя свае мерапрыемствы замаўляюць менавіта “Аліварыю”. Гэта важна — актыўна падтрымліваць і развіваць свае традыцыі, бо калі наведваеш іншую краіну, хочацца паспрабаваць менавіта нацыянальныя стравы і напоі. Яны — твар краіны, душа народа.

— Сёлета фестываль пройдзе пад дэвізам “Ген беларускага крэатыву”. А ў чым, на вашу думку, ён праяўляецца ў вашым падыходзе да рэкламных кампаній “Аліварыі”?

— Ген беларускага крэатыву ў першую чаргу заснаваны на тым, кім мы ёсць, адкуль нашы карані. Мне здаецца, што асэнсаванне саміх сябе, сваіх каранёў прыходзіць з узростам, бо ў маладосці сусвет здаецца такім глабальным і хочацца адкрываць новыя краіны, культуры. Як спяваецца ў вядомай песні: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…” Але вельмі важна, каб дзеці з маленства выхоўваліся ў павазе да свайго краю, ведалі слаўныя старонкі яго гісторыі і імёны герояў. І беларускамоўная рэклама робіць значны ўнёсак у гэта. Напрыклад, да “Аліварыі” мала хто, нават сярод мінчукоў, ведаў пра выбітную асобу графа Чапскага і яго годныя справы на карысць развіцця Мінска. У тым ліку ён актыўна спрыяў адкрыццю новых спартовых аб’яднанняў тут. Таму для “Аліварыі” гонар падтрымліваць беларускі спорт, як гэта рабіў граф Чапскі.

http://budzma.by/wp-content/gallery/ali/7.jpg

— Дарэчы, вы падаравалі ўсім футбольным заўзятарам цудоўную магчымасць сачыць за падзеямі Еўра-2016 ва ўтульнай фан-зоне.

— Сапраўды, для нас гэта значная падзея. Carlsberg Group, куды ўваходзіць і “Аліварыя”, з 1988 года з’яўляецца адным з спонсараў чэмпіянату Еўропы па футболе. Дзякуючы гэтаму сёлета ўпершыню ў гісторыі беларускі брэнд атрымаў статус афіцыйнага партнёра Еўра-2016 і арганізаваў у цэнтры сталіцы фан-зону, куды людзі змогуць прыйсці паглядзець футбол і атрымаць асалоду ад смачнага піва. Яшчэ калі толькі ішла падрыхтоўка да гэтага значнага мерапрыемства, многія казалі, што гэта будзе проста супер. Бо людзі хочуць збірацца разам, заўзець у вялікай кампаніі, а месцаў, дзе гэта можна было б зрабіць, не хапае.

— А наколькі па сродках гэта затратна — падтрымліваць спартовыя падзеі?

— Пра фінансавыя выдаткі тут не зусім карэктна гаварыць. “Алiварыя” iмкнецца ствараць каштоўнасць для грамадства, даваць спажыўцам уражаннi, эмоцыi, досвед узаемадзеяння з брэндам. Iстотна для нас i тое, што мы падтрымліваем беларускую культуру заўзення, нашу мову і традыцыі. Мы праводзім у межах нашай фан-зоны розныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюцо вядомыя беларускія спартовыя і грамадскія дзеячы. Падчас такiх фан-сустрэч, напрыклад, усе прысутныя могуць пазнаёміцца з “футбольнай” беларускай мовай і навучыцца заўзець па-беларуску. Фан-зона “Аліварыі” будзе працаваць некалькі тыдняў, і ўвесь гэты час мы будзем рыхтаваць для нашых наведнікаў шмат прыемных сюрпрызаў!

— Цікава, як шараговыя заўзятары ўспрымаюць футбол па-беларуску.

— Дакладна магу сказаць, што заўзятарам гэта падабаецца, і паказчыкі наведвальнасці ў фан-зоны вельмі высокія. Не было такога, каб нехта прасіў пераключыць на іншыя каналы, дзе трансляцыя на рускай мове. Дарэчы, акрамя футбола “Аліварыя” падтрымлівае хакей — сталага ўдзельніка КХЛ клуб “Дынама-Мінск”.

— А замежнікі наведваюць фан-зону “Аліварыя”?

— Так, прыходзяць французы, туркі і іншыя замежныя заўзятары. Беларускія футбалісты таксама зазіраюць сюды.

http://budzma.by/wp-content/gallery/ali/10.jpg

— Усё ж такі футбольныя заўзятары — людзі часам гарачыя. Спрэчак падчас трансляцый не ўзнікала?

— Па-першае, у нас на фан-зоне працуюць прафесійныя ахоўнікі. Але, дзякуй Богу, пакуль ніякіх інцыдэнтаў не ўзнікала. Па-другое, да нас прыходзяць людзі, каб культурна адпачыць і пазаўзець за ўлюбёную зборную.

— Чым заўзятары паспелі вас уразіць больш за ўсё?

— Як арганізатарам нам вельмі прыемна бачыць шчаслівыя твары наведнікаў. На адкрыццё фан-зоны прыйшло больш за 400 чалавек! Не ўсім хапіла тады месца, але людзі стаялі, глядзелі футбол і актыўна заўзелі, бо для іх самым галоўным было далучыцца да спартовага свята!

Мы не перастаем уражвацца, як людзі ў нашай краіне могуць захапляцца футболам. У нас паспелі з’явіцца свае сталыя наведнікі з розных футбольных фан-клубаў. Напрыклад, афіцыйны фан-клуб “Рэал Мадрыд”. Яго чальцы, хлопцы і дзяўчаты, заўсёды прыходзяць з атрыбутыкай улюбёнага клуба, трымаюць іспанскія сцягі. Яны вельмі пазітыўныя і актыўна заўзеюць за зборную Іспаніі. Проста хочацца зняць капялюш перад людзьмі, якія робяць нешта справай свайго жыцця і адданыя гэтаму ўсім сэрцам.

http://budzma.by/wp-content/gallery/ali/11.jpg

“Піва на Беларусі спрадвеку варылі ў кожнай вёсцы”

— Людміла, піва — адзін з самых папулярных слабаалкаголньных напояў у сучасных беларусаў, а як было раней? Што цікавага ўжывалі нашы продкі, наведваючы кавярні і шынкі?

— У свой час мяне вельмі ўразіў той факт, што Беларусь — сапраўдная піўная краіна. Піва тут спрадвеку варылі ў кожнай вёсцы. Ваду ў тыя часы было піць небяспечна, бо людзі яшчэ нічога не ведалі пра пастэрызацыю. Таму яны варылі для сябе слабае піва — да 3 градусаў, якое ўжывалі нават дзеці. У шынках і кавярнях таксама пілі піва. Яно адрознівалася ад сучаснага, да якога мы прызвычаіліся. Нашы продкі варылі піва верхавога браджэння, кшталту элю. Такім чынам, не патрэбная была і лядоўня, каб захоўваць яго.

— Падзяліцеся сакрэтам: як правільна выбіраць піва? На што трэба звяртаць увагу?

— Калі вам падаюць у кавярні піва, першае, на што трэба звярнуць увагу: калі гэта лагер, ён мусіць быць празрыстым. Бурбалкі павінныя падымацца раўнамерна, калі ж яны назапасіліся на адным баку бакала, гэта значыць, што посуд быў не вельмі добра памыты. Пасля звярніце ўвагу, як асядае пена, калі асядае кольцамі, гэта вельмі добра. Пена мусіць быць устойлівай, на два пальцы. А само піва мусіць быць прыемным на водар i смак!

 

Ліна Мілаш

Фота Уладзіміра Грыбаедава