Фестываль ,.!adnak падвёў вынікі развіцця беларускамоўнай рэкламы за год
Штогадовы Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ,.!adnak у шосты раз падвёў вынікі развіцця беларускамоўнага рэкламна-камунікацыйнага рынку за год і ўзнагародзіў аўтараў найлепшых работ. Фестывальны дзень адбыўся 2 ліпеня ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (IBB).
Асноўная канцэпцыя сёлетняга Шостага ,.!adnak — “Годны шлях рэкламіста”. Кожны рэкламіст праходзіць сваю дарогу да поспеху, сваю дарогу да выдатнай ідэі: ад сумневаў і нядрэннай канцэпцыі да таго самага інсайту, калі, ставячы выніковую кропку ў карпатлівай працы, у раптоўным парыве натхнення “грыфель алоўка” разлятаецца на кавалкі.
Арганізатары Шостага ,.!adnak аб’ядналі рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў, каб дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!
Традыцыйна ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў папярэднічала яскравая і насычаная адукацыйная праграма. Сёлета ў яе межах прайшлі семінары, майстар-класы і дыскусіі са знанымі беларускімі і замежнымі адмыслоўцамі, што адметныя не толькі ў сферы рэкламы. Была магчымасць паслухаць і абмеркаваць 7 актуальных тэмаў з экспертамі, сярод якіх Паўлюс Сянута (заснавальнік і партнёр рэкламнага агенцтва Not Perfect| YR Minsk, Riga & Vilnius), папулярны пісьменнік Віктар Марціновіч, кіраўнікі творчых груп і агенцый і маладыя беларускія «Канскія львы».
Генеральным партнёрам Фестывалю другі год запар стала кампанія velcom. У гэтым годзе да правядзення фестывалю далучыўся яшчэ шэраг бізнэс-кампаній з Беларусі. Дзякуючы супольным намаганням Фестываль прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні, а пераможцы атрымалі ўзнагароды. Акрамя гэтага у межах Шостага ,.!adnak velcom правеў спецыяльны конкурс па стварэнні лагатыпа для сацыяльнага кірунку дзейнасці кампаніі пад назвай «Дзеці». Лагатып-пераможца будзе выкарыстоўвацца ў матэрыялах (відэа, друкаваная прадукцыя, анлайн, сувеніры), створаных у падтрымку розных акцый. Таксама кампанія velcom адзначыла сваім спецыяльным прызам (статуэткай) адну працу з пераможцаў за якасць выкарыстання мовы.
За апошні год трэнд вышыванак і нацыянальных узораў разышоўся так шырока, што значная колькасць работ ад розных аўтараў было прысвечаная менавіта ім: гадзіннікі, торбы, сувенірная прадукцыя з беларускім арнаментам, “вышышына”, сайты пра беларускія ўзоры і г.д. Найбольшую колькасць работ падала грамадская культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба». Сябры журы нават жартавалі: «Дні «Арт Сядзібы» на ,.!adnak».
Самую вялікую колькасць заявак ужо традыцыйна сабрала намінацыя “Графічны і камунікацыйны дызайн” – амаль 100. На другім месцы – “Сацыяльная рэклама” (44 работы). Трэцяе месца ў “Грамадсказначных праектаў” – 30 работ.
У гэтым годзе на фестываль падавалася шмат прац на рускай, а часам і англійскай мовах. Калі казаць пра геаграфію фестывалю, то больш за 90% работ былі пададзеныя з Мінска. Хацелася б, каб у наступных фестывалях актыўней удзельнічалі і рэгіянальныя таленты, бо мы ведаем, што добрыя рэкламныя і камунікацыйныя праекты робяцца па ўсёй Беларусі!
Варта адзначыць павелічэнне колькасці работ на экалагічную тэматыку: паштоўкі, настольная гульня, ролікі і постары. Можна нават казаць, што экалогія таксама становіцца трэндам Фестывалю, а самі беларусы робяцца больш адказнымі.
Арганізатары Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ,.!adnak (а гэта грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і спецыялізаваны рэсурс marketing.by) заклікаюць не спыняцца на дасягнутым, ствараць новыя адметныя праекты, уключаць у рэкламу элементы найбагацейшай беларускай культуры і гісторыі, станавіцца сапраўднымі трэнд-сэтэрамі і далучацца да наступных фестываляў!
Пройдзем годны шлях разам з фестывалем!
Да ведама:
На конкурсную праграму Фестывалю ,.!adnak-2015 было пададзена больш за 370 заявак ад больш чым 150 удзельнікаў.
У гэтым годзе было прысуджана 1 Гран-пры, 11 першых месцаў, 30 другіх месцаў і 37 трэціх; 1 Антыпрэмія і 4 Спецпрызы.
Кантакты для даведак:
Лізавета Неўмяржыцкая, прэс-сакратар ГКК “Будзьма беларусамі!”
elzbietka.eilis@gmail.com
razam@budzma.org
+375 44 742 48 32