Годна, крэатыўна – па-нашаму! AD.NAK! запрашае на відэапаказ беларускамоўнай рэкламы
28 мая ў 19.00 у культурнай прасторы Studio67 у межах шостага Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! адбудзецца паказ найлепшых беларускамоўных рэкламных відэаролікаў за ўсю гісторыю існавання Фестывалю.
Ва ўсіх гасцей будзе магчымасць паглядзець самыя цікавыя відэаролікі ў рэжыме нон-стоп. Відэапаказ беларускамоўнай рэкламы — гэта добрая магчымасць яшчэ раз успомніць сацыяльныя, камерцыйныя і вірусныя беларускамоўныя ролікі, якія атрымлівалі ўзнагароды Фестывалю ў розныя гады.
Ролікі-пераможцы і прызёры пяці Фестываляў у адным месцы і ў адзін час! Без перапынкаў на серыялы і вячэрнія выпускі навінаў!
Чакаем вас!
28 мая, 19:00
Культурная прастора Studio67 (г. Мінск, пр. Партызанскі, 2А, ІІ паверх).
Уваход вольны!
Каб стаць удзельнікам відэапаказу, дастаткова націснуць пімпачку “Пайду” ў фэйсбуку.
Асноўная канцэпцыя Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! — «Годны шлях рэкламіста». У цэнтры ўвагі сёлетняга Фестывалю — асоба самога стваральніка.
Шосты AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!
Дэдлайн прыёму работ — 1 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 2 ліпеня ў Мінску.