16 / 04

Стартуе Шосты AD.NAK! У цэнтры ўвагі — шлях рэкламіста!

16 красавіка стартуе ўжо Шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!

З 20 красавіка да 1 чэрвеня будзе адкрыты прыём працаў ад удзельнікаў Фестывалю, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 2 ліпеня у Мінску.

Як заўсёды, удзел у Фестывалі бясплатны.

Кожны год Фестываль прадукуе новую ідэю, звяртае ўвагу грамадскасці на розныя актуальныя пытанні камунікацыі і рэкламы. Асноўная канцэпцыя сёлетняга Шостага AD.NAK! — «Годны шлях рэкламіста».

 На думку каардынатара кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніны Шыдлоўскай, Фестываль ужо прайшоў пэўны шлях і стаў актуальнай з’явай беларускага жыцця, таму надышоў час звярнуць увагу на асобу стваральніка рэкламы. «Рэкламны і – шырэй – культурніцкі прадукт робяць канкрэтныя людзі. Ад іх майстэрства, каштоўнасцяў і светапогляду залежыць шмат. Таму ў цэнтры ўвагі сёлетняга Фестывалю – асоба самога стваральніка. Кожны рэкламіст праходзіць свой індывідуальны шлях да поспеху, да ўнікальнай ідэі. Спачатку – пошукі і сумневы, потым – канцэпцыя і ў выніку – вось ён, працоўны варыянт. Такі шлях праходзіць цяпер і нашая рэклама: ад нясмелых спробаў, сумневаў, ці варта рэкламавацца па-беларуску, да таго самага моманту, калі ты не баішся на поўны голас заявіць пра сябе як пра стваральніка беларускай рэкламы».

 Шосты феcтываль AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!

 Генеральным партнёрам Фестывалю другі год запар выступіла кампанія velcom.

 Дзякуючы такой падтрымцы Фестываль, як заўсёды, пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні, а пераможцы атрымаюць адметныя ўзнагароды.

 Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Шостага фестывалю AD.NAK! пачынаецца 20 красавіка. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 1 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю – урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай – пройдзе 2 ліпеня ў Мінску.

 Як адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік рэсурса marketing.by і пастаянны партнёр кампаніі «Будзьма беларусамі!» ў правядзенні фестывалю, «мы штогод сочым за актуальнымі тэндэнцыямі і сусветнымі трэндамі рэкламнай і камунікацыйнай галіны. Улічваючы іх, мы дапоўнілі і абнавілі намінацыі і конкурсы, а новы сайт Фестывалю сёлета дазваляе канкурсантам максімальна зручна аформіць і падаць работу. Асноўны акцэнт пры падачы работ на сайце зроблены на якасць іх афармлення. Удзельнікам прапанаваныя стандарты і ўзоры падачы. Спадзяемся, што сёлетняе новаўвядзенне дазволіць удзельнікам карэктна данесці ідэі сваіх праектаў, а сябрам журы – аб’ектыўна ацаніць працы канкурсантаў».

 Падчас традыцыйнай (як і штогод, адметнай) адукацыйнай праграмы арганізатары Шостага AD.NAK! вырашылі трымацца сусветных тэндэнцый і выйсці за межы рэкламнай галіны. У гэтым годзе акрамя рэкламістаў спікерамі на адукацыйнай праграме будуць вядомыя літаратары, творцы і фатографы з Беларусі, Францыі і Літвы. Разам з удзельнікамі яны паразважаюць пра свет вакол нас, у якім мы ўсе разам мусім ствараць і ісці сваім годным шляхам.