Іван Айплатаў: «Распрацаваць добры дызайн можа нават студэнт. Але гэтага мала»
Як вядома, сустракаюць па адзежцы. Прычым не толькі чалавека, але і прадукт. Або на першае месца тут выходзіць якасць? Наколькі важны дызайн тавару, які ён, дызайн па-беларуску, ці можна распрацаваць добры дызайн, не ўкладаючы вялікіх сродкаў, — гэтыя пытанні мы абмеркавалі са знакамітым беларускім дызайнерам Іванам Айплатавым.
— Наколькі важны дызайн упакоўкі тавару?
— Дызайн — гэта адзін з асноўных складнікаў любога прадукту, а дызайн упакоўкі — гэта, вядома ж, яго твар, які заахвочвае хаця б узяць тавар у рукі. Таму дызайн упакоўкі вельмі важны для любога прадукту.
— Але пагадзіцеся, што за прыгожай упакоўкай часам хаваецца няякасны прадукт.
— У Беларусі часцей бывае наадварот: сам прадукт добрай якасці, а дызайн упакоўкі агідны. Вядома, у сучасным свеце, калі вельмі вялікая канкурэнцыя, з такім прадуктам складана выходзіць на рынак. Але сітуацыя мяняецца. Апошнім часам мне падабаюцца ўпакоўкі, якія я бачу. Да прыкладу, мне падабаецца ўпакоўка малака «Высоко-высоко», на якой намаляваная дзяўчынка, што ўзбіраецца па лесвіцы. А калі казаць пра дрэнныя прыклады дызайну ўпакоўкі, то іх шмат.
— Напрыклад?
— У цэлым, сярод усіх катэгорый. Але я паўтаруся, што сітуацыя мяняецца. Крытыкаваць тут ужо менш даводзіцца. Бо ў любым выпадку сёння ўсе кіраўнікі буйных кампаній разумеюць што ўпакоўка адыгрывае вялікую ролю, і гэтая сітуацыя ў Беларусі мяняецца кожны дзень. Кожны дзень з’яўляюцца новыя ўпакоўкі, новы тавар. Часам бярэш у рукі прадукт і думаеш, што прыйшоў ён да нас з Літвы ці Расіі. Глядзіш — аказваецца, што вытворца беларускі, і гэта радуе.
— Ці саступае дызайн упакоўкі беларускай прадукцыі замежнаму?
— Натуральна саступае. Параўнанне з замежным дызайнам наогул смешна разглядаць як тэму для размовы. У іх шматвяковая гісторыя прасоўвання тавараў на рынку. Можна параўноўваць дзве постсавецкія краіны. Напрыклад, Расію і Беларусь, і тут казаць пра нейкую розніцу.
— І ў чым розніца?
— У Расіі станаўленне дызайну ўпакоўкі мае багатую гісторыю. Да таго ж у Расіі больш дынамічна развіваецца рынак.
— Можа быць, нам трэба прыцягваць дызайнераў з іншых краін?
— Усё залежыць ад ступені даверу той ці іншай кампаніі. Ёсць беларускія дызайнеры, якія працуюць над стварэннем упакоўкі еўрапейскіх брэндаў. Ёсць адваротныя прыклады, калі беларускія кампаніі прыцягваюць еўрапейскіх дызайнераў для рэбрэндынгу. Тут я не дам адзінага правільнага адказу. Я чалавек творчы і здольны вызначыць, ці падыдзе мне дызайнер або кампанія для далейшага супрацоўніцтва, таму прыцягваў бы.
— Іван, скажыце, калі ласка, а ці можна распрацаваць добры дызайн упакоўкі, не ўкладаючы вялікіх сродкаў?
— Дызайн упакоўкі — толькі невялікая, бачная частка канцэпцыі брэнда. Выканаць дызайн можа нават студэнт, часам нядрэнна. Але гэта вельмі мала. Трэба распрацаваць канцэпцыю брэнда. Таму што тыя, хто думае, што проста зменяць упакоўку — і сітуацыя палепшыцца, не вырашаць праблему надоўга. Над гэтым павінная працаваць цэлая каманда. Добра справіцца з такой працай могуць толькі суперпрафесіяналы, чые паслугі каштуюць нятанна.
— Што трэба зрабіць, каб дызайн беларускай упакоўкі палепшыўся?
— Шмат працаваць і вельмі імкнуцца прадаць тое, што мы робім, вось і ўсё. Улічваць рынкі збыту, мэтавую аўдыторыю і яшчэ шмат-шмат усяго. У мяне ўся паліца ў кнігах пра тое, што варта ўлічваць. У вольны час я, як і многія дызайнеры, іх вывучаю. Пра гэта можна прачытаць цэлую лекцыю.