“Каша Сувораўская”: незразумелая славянская мова і дзіўная краіна
Вось ужо пяты раз запар на Фестывалі беларускамоўнай рэкламы AD.NAK! будзе ўганараваны пераможца ў намінацыі “Каша Сувораўская”. Словы “пераможца” і “ўганараваны” можна смела ставіць у двукоссе, і вось з якой прычыны.
“Каша” прысуджаецца тым рэкламным прадуктам, якія ігнаруюць факты беларускай гісторыі і традыцыі айчыннай культуры, а таксама дэманструюць непрафесійны падыход аўтараў да стварэння рэкламы.
Узяць удзел можа кожны ахвочы – трэба даслаць свой прыклад такога кшталту рэкламы.
Што для гэтага трэба рабіць?
Удзельнічаць у конкурсе можа любы чалавек, які заўважыць і дашле прыклады рэкламы, што ў рэчышчы зместу Антыпрэміі адпавядаюць любой з намінацый Adnak (тэлевізійная і кінарэклама; друкаваная і вонкавая рэклама; дызайн & Art Direction; радыё- ці аўдыёрэклама і г.д.). Пры падачы заяўкі ўдзельнік конкурсу мусіць указаць, чым канкрэтна абгрунтоўваецца прыналежнасць таго ці іншага рэкламнага прадукту да намінацыі “Каша Сувораўская”. Рэкламны прадукт можа:
— супярэчыць падзеям і логіцы гісторыі Беларусі, традыцыям культуры нашай краіны альбо канонам рэкламнага мастацтва;
— быць выкананым з памылкамі альбо “перламі” (тэхналагічнымі альбо лагічнымі памылкамі);
— выклікаць адмоўныя эмоцыі (напрыклад, незадавальненне, абурэнне, асуджэнне);
— ствараць адмоўны імідж Беларусі і беларусаў сярод замежнікаў.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца і агенцтвы, якія ўсвядомілі свае ранейшыя памылкі і могуць прэзентаваць супольнасці свае не вельмі ўдалыя працы. Гэтыя сапраўды вартыя павагі ўдзельнікі будуць узнагароджаныя асобным ганаровым прызам “За выпраўленне памылак”.
А цяпер вяртаемся да нашых герояў.
2011
Год заснавання намінацыі запомніўся ажно трыма пераможцамі.
III месца – дзіўнага кшталту плакат “Гэта мая Радзіма”. Канечне, як кажуць, Радзіму не выбіраюць, але навошта казаць пра гэта так недвухсэнсоўна, тым больш з Радзімай нам пашанцавала.
II месца – пельмені “Вкус бульбаша”. Тут нават не ведаеш, што лепей – ці то чарговае выкарыстанне слова “бульбаш”, ці то спалучэнне яго са словам “вкус”. Мо стваральнікі разглядалі ў якасці мэтавай аўдыторыі насельніцтва з… хм… нетрадыцыйнымі відамі кухні? Дарэчы, цяпер пельмені выходзяць пад маркай “Вкус от бульбаша”
I месца – Шакаладная Хатынь. Тут і тлумачыць нічога не трэба.
Дарэчы, у Расіі з’явіўся падобны кандытарскі выраб хоць і без назвы. Супадзенне? Не думаем!
2012
Тут перамагае рэстаран “Імператрыца”.
Як трапна заўважылі інтэрнэт-карыстальнікі, яшчэ б вельмі хацелася б наведаць бар імя Мураўёва-вешальніка. Дарэчы, сляды “Імператрыцы” губляюцца ў часе, мо і дапамагла “Каша Сувораўская”.
2013
Перамагла ў тым годзе транспартная кампанія “Западная губерния”, чые мікрааўтобусы мы можам бачыць на вуліцах штодня. Пытанне, да якой краіны і часовага прамежку гісторыі адносіць сябе кампанія, застаецца адкрытым.
2014
Летась нечакана для ўсіх у “Кашы Сувораўскай” перамагла…. Нацыянальная бібліятэка. Рэч у тым, што на дзвярах Нацыянальнай бібліятэкі была знойдзена таблічка на невядомай нам славянскай мове, якая паведамляла, што дзверы трэба адчыняць “К сабе”. Падказваем, правільны адказ – “да сябе”.
Хто пераможа ў намінацыі сёлета – цалкам залежыць ад вас: чакаем вашых працаў, і нагадваем, што час яшчэ ёсць, таму самы час уключыць рэжым павышанай назіральнасці і разам з намі палепшыць беларускамоўную рэкламную прастору.