“Нас дастала вышыванка”, альбо 75 ідэй для Беларусі за 21 хвіліну
Шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ,.!adnak, арганізаваны кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і парталамmarketing.by, запомніўся ўдзельнікам не толькі цырымоніяй узнагародаў: традыцыйная адукацыйная праграма сёлета выявілася надзвычай разнастайнай. “Будзьма” раскажа вам пра найбольш цікавыя моманты праграмы.
Рэкламшчык Ілля Андрэеў 5 гадоў таму з’ехаў у Маскву і пачаў працаваць кіраўніком творчай групы агенцтва Proximity Russia. Каб трошкі ўявіць, чым слаўная гэтая кампанія, варта проста прыгадаць, што ў Нью-Ёрку кампанія мае свой уласны дзень — такім чынам улады горада аддзячылі творцам за глабальны ўнёсак у культуру горада.
На фестываль ,.!adnak спадар Андрэеў прыехаў з майстар-класам, мэтай якога было дапамагчы рэкламшчыкам-пачаткоўцам генераваць новыя ідэі па той ці іншай тэме.
“Вытворчасць харошых ідэяў — гэта зусім не магія, гэта навука, — кажа спадар Ілля і пачынае “палохаць” прысутных статыстыкай. — 80 адсоткаў намаганняў, якія вы ўкладаеце ў тую ці іншую справу, — лухта, рэальна працуюць толькі астатнія 20. То бок калі нам патрэбная годная ідэя, то генераваць трэба як мінімум 20, адна з іх і будзе патрэбная”.
Гучыць досыць манструозна — часам на адну ідэю ідзе некалькі дзён, а тут адразу трэба дваццаць. Але ж мусіць быць нейкі спосаб, які дапаможа хутка вызначыць харошую ідэю і пазбавіць аўтара ад перажыванняў і дэпрэсіі.
“Наша культура вымагае хуткага выніку, — кажа спадар Андрэеў. — Аднак часам можа “стрэліць” самая нечаканая ідэя. Калі ў Брытаніі запусцілі акцыю “Назаві славутае месца, у якім быў, па-кітайску, і пазнач на мапе”, колькасць турыстаў з Кітая павялічылася на 27 працэнтаў. Здаецца, куды прасцей, але як гэта было прыдумана?”
Пакуль частка аўдыторыі задумалася над тым, ці дапаможа турызму ў Беларусі перайменаванне мінскага праспекта Незалежнасці ў нешта кшталту 独立大道, спадар Андрэеў прапанаваў наведнікам азнаёміцца з універсальным інструментам па генерацыі новых ідэяў”.
“Наша агенцтва на Філіпінах стварыла спецыяльны сайт crapideas.com, гэта і ёсць генератар ідэяў” — кажа спадар Ілля.
Сэнс працы сайта ў наступным: трэба хутка сфармуляваць сто ідэяў — першае, што прыйдзе ў галаву: на стварэнне і занатоўванне кожнай даецца не больш за хвіліну. І вы маеце сто ідэяў рознай ступені якасці (заўважым, што назва сайта перакладаецца як, хм, “так-сабе-ідэя”) з якіх можна будзе абраць тыя дзесяць, якія і будуць найбольш цікавымі.
“Давайце паспрабуем, як гэта працуе, — прапануе Ілля Андрэеў. — Наша задача —прыдумаць 75 ідэяў па развіцці турызму ў Беларусі. Нам надакучылі вышыванкі і васількі як сімвал краіны? Давайце прыдумаем новы варыянт. Вы кажаце тое, што прыходзіць вам у галаву — я занатоўваю”.
Аўдыторыя адукацыйнай праграмы, якая налічвала куды больш за 50 чалавек, адразу уключылася ў прапанову.
“Самыя прыгожыя дзяўчаты”
“Запаведнік СССР”
“Рамантычныя конікі начамі ў траве”
“Вада ў Свіслачы мае карысныя эфекты”
“Можна сабраць вядро чарніцаў задарма”
Такім чынам, 75 ідэяў для развіцця турызму былі згенераваныя за 21 хвіліну. Канечне, большасць з іх была хутчэй жартоўнай, але пад кіраўніцтвам спадара Андрэева атрымалася назбіраць цэлых дзесяць цікавых — ад згаданых вышэй конікаў да “краіны, у якой няма манет”.
“Такім чынам, за 21 хвіліну мы знайшлі дзесяць арыгінальных ідэяў, якія можна браць “у працу”, — кажа спадар Ілля. — Гэта не адзіны спосаб, можа, і не самы эфектыўны, але выкарыстоўваюць яго па ўсім свеце”.
Такім чынам, маючы генератар ідэяў, цяпер кожны з вас можа стварыць свае 100 ідэй для Беларусі. Паспрабуем?
Мікалай Левертаў, фота Марыны Серабраковай