Не праспі! Дэдлайн фестывалю aDNaK! ужо неўзабаве!
Арганізатары Сёмага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “aDNaK!” – прыхільнікі разбурэння стэрэатыпаў. І калі беларусы зазвычай адкладаюць усё на апошні момант, мы заклікаем рабіць па-іншаму. 10 чэрвеня, калі заканчваецца прыём работ на Фестываль “aDNaK!”, ужо хутка. Таму спяшаемся, заходзім на adnak.by і загадзя падаем свае працы, каб стаць удзельнікам яскравай падзеі лета.
Як і ў мінулыя гады, удзел у Фестывалі бясплатны. На сайце Фестывалю прадстаўлены поўны спіс конкурсаў і намінацый. Абірайце, пад якую з іх падыходзяць вашыя крэатыўныя работы і праекты. Да ўдзелу ў большасці фестывальных намінацый запрашаюцца аўтары рэалізаваных беларускамоўных рэкламных і камунікацыйных праектаў. Аднак і для крэатыўных і неардынарных праектаў, якія не былі прынятыя кліентам або былі створаныя для няіснага брэнда, ёсць у нашым Фестывалі месца – спецыяльны конкурс нерэалізаваных праектаў. Узяць удзел могуць не толькі тыя, хто займаецца бізнес-рэкламай, але і аўтары культурніцкіх праектаў.
Больш за тое, трапіць у прафесійную, адметную, яскравую прастору можа не толькі адмысловец. Для назіральных і неабыякавых існуе асобная Антыпрэмія “Каша сувораўская”. Каб заявіцца на яе, дастаткова проста даслаць фота з прыкладамі непрафесійнай рэкламы, якая парушае, скажае ці ігнаруе факты беларускай культуры і гісторыі. А пабачылі проста абсурдную рэкламу – для яе таксама месца ў “Кашы”.
Працэс прыёму работ арганізатары зрабілі максімальна простым і даступным. Усё, што неабходна зрабіць, – зарэгістравацца на сайце, абраць неабходную намінацыю і паднамінацыю і запампаваць работу. У большасці намінацый прапануецца некалькі варыянтаў падачы работ. Каб лягчэй і хутчэй аформіць работу, у некаторых варыянтах удзельнікам прапануюцца гатовыя ўзоры, па якіх трэба іх афармляць.
Галоўнай адметнасцю і цікавосткай сёлетняга “aDNaK!” стане Фестывальны дзень, які пройдзе 30 чэрвеня ў абсалютна новым для мерапрыемства месцы – першым у Беларусі крэатыўным хабе “Корпус 8”. Насычаная адукацыйная праграма з удзелам як беларускіх і замежных рэкламістаў, так і цікавых асобаў з іншых сфераў не пакіне нікога абыякавым. Фестываль абяцае стаць яскравай падзеяй гэтага лета.
У адрозненні ад падобных мерапрыемстваў і ў Беларусі, і за мяжой, Фестываль “aDNaK!” звяртае сваю ўвагу на развіццё менавіта беларускамоўных і беларускаарыентаваных камунікацыйных праектаў, большасць з якіх маюць сацыяльны і грамадскі напрамак. І каб даваць магчымасць заявіць пра сябе не толькі прафесіяналам, але і пачаткоўцам, штогод удзел ва ўсіх мерапрыемствах фестывалю бясплатны. Трэці год запар генеральным партнёрм Фестывалю “aDNaK!” выступае кампанія кампанія velcom. Афіцыйнымі партнёрамі сталі краўдфандынгавая пляцоўка Ulej.by, “AIDA Pioneer Branding & Creative Company”, Interactive brand studio HA, Universal Press®, “Піўзавод Аліварыя” (частка Carlsberg Group), кампанія “Бульбашъ”, кампанія “Анега”. І як партнёры яны (паслугамі, прадукцыяй, інфармацыйнай і арганізацыйнай падтрымкай) актыўна дапамагаюць Фестывалю.
Аднак Фестываль дастаткова буйное мерапрыемства, да ўсяго, удзел у ім для тых, хто падае працы і ўдзельнічае ў адукацыйнай праграме, бясплатны, і партнёрскай дапамогі недастаткова! Таму арганізатары прапанавалі ўсім неабыякавым, хто хоча, каб нашыя гарады і мястэчкі, брэнды кампаній і назвы кавярняў, тэлевізійныя ролікі і інфармацыя на радыё станавіліся радней і прывабней, падтрымаць Фестываль “aDNaK!”. Для гэтага неабходна зайсці на пляцоўку Ulej.by і зрабіць свой унёсак у гэтую важную справу, каб камунікацыйная прастора “aDNaK!” і надалей актыўна спрыяла паляпшэнню культурнай атмасферы.
Пра Фестываль
Фестываль aDNaK!, паўстаўшы ў 2009 годзе, паслядоўна звяртаецца да падмурку нашай адметнасці – культурнай і гістарычнай спадчыны, пераканаўшыся, што сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, закладзеных у нашых генах.
Канцэпцыя сёлетняга Фестывалю: аDNаK – ген беларускага крэатыву.
Слоган Фестывалю: аDNаK – Код тваёй крэатыўнасці.
За сем гадоў Фестываль aDNaK! стаў у Беларусі падзеяй і развіваецца ў адпаведнасці з сусветным трэндам – Glocal (спалучэнне глабальнага і лакальнага), матывуючы бізнес і рэкламістаў працаваць у сусветным рэчышчы, аднак шукаць у лакальным цікавыя ідэі і рашэнні, якія робяцца запатрабаванымі і эфектыўнымі на глабальным узроўні.
Усе падрабязнасці пра Фестываль, намінацыі, умовы падачы работ і ўдзелу ў адукацыйнай праграме можна атрымаць на сайце adnak.by, па тэлефоне +375 29 371-01-21 (Сяргей Скараход) альбо праз e-mail: adnak@budzma.org.