22 / 06

Ніна Шыдлоўская: Фестываль aDNaK!- каб прастора, у якой мы жывем, станавілася ўсё прывабней і радней

Да кульмінацыі сёлетняга Фестывалю застаецца тыдзень.  Яшчэ можна паспець паўдзельнічаць у музычным конкурсе ад генеральнага партнёра фэсту кампаніі velcom і самы час рэгістравацца на адукацыйную праграму – сёлета ў яе межах арганізатары абяцаюць шмат “смачных” тэм. І ўзяць удзел у арганізацыі самога фестывальнага дня магчымасць ёсць.  А вось прыём конкурсных заявак ужо завяршыўся. Пакуль што дакладную іх колькасць не называюць – вядома толькі, што яна на ўзроўні мінулага года. Дэдлайн быў павялічаны на шэсць дзён – каб усе ахвотныя паспелі падацца.

http://budzma.by/wp-content/gallery/dnk7/YYD_1134.jpg

– Гэта досыць стандартная практыка ўсіх падобных фестываляў. Шмат хто любіць падаваць працы ў апошні момант. Мы кожны год думаем: можа, сёлета не спатрэбіцца? Але заўсёды ў сваім графіку прадугледжваем час на працяг дэдлайну, бо, як правіла, самы пік падачы работ – за дзень да дэдлайну і ў дзень яго. Калі гэтага не рабіць, пачынаюцца званкі, прыходзяць лісты аб тым, што нехта не паспеў і просіць працягнуць тэрмін прыёму заявак, – патлумачыла Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, сустаршыня Аргкамітэта Фестывалю aDNaK! Ніна Шыдлоўская.

– aDNaK! – ужо больш, чым проста фестываль рэкламы, гэта яшчэ і пляцоўка для камунікацыі паміж адмыслоўцамі ў гэтай галіне, ды і не толькі імі. Для каго вы робіце фестываль і якія магчымасці ён адкрывае?

– Фестываль і задумваўся, і рэалізоўваўся ўсе гэтыя гады менавіта як камунікацыйная пляцоўка. Таму што сітуацыя з выкарыстаннем беларускай мовы ў краіне не такая прывабная, як хацелася б. Беларусаарыентаванай рэкламы не так ужо і шмат, а беларуская мова толькі-толькі пачынае ўспрымацца як паўнавартасны сродак камунікацыі не толькі ў сферы культуры. І адпачатку мы такім фарматам – фестывалем — хацелі найперш выйсці на бізнесоўцаў – вытворцаў і замоўцаў бізнес-рэкламы. Бо такога кшталту рэкламы найбольш у інфармацыйнай прасторы. Зацікавіць іх і задумацца пра тое, што эфектыўней у Беларусі працаваць на беларускім грунце (гісторыі, міфалогіі, традыцыях). Культурніцкія беларусаарыентаваныя праекты, зразумела, прасоўваюць беларускую мову, але (асабліва напачатку гэта было вельмі заўважна) многія культурніцкія дзеячы, ініцыятывы не выкарыстоўвалі тых механізмаў бізнес-прасоўвання свайго прадукту, якія варта было б. Каб не вузкае кола аматараў пэўнага віду мастацтва ці самога выканаўцы цікавіліся той ці іншай падзеяй, а каб можна было ўздзейнічаць на максімальна шырокае кола людзей, якія да гэтага часу ўласна беларускай культурай не цікавіліся. А для гэтага мусяць выкарыстоўвацца бізнес-падыходы. І за гады пастаянна дзеючай камунікацыйнай пляцоўкі aDNaK! мы бачым, што прастымулявалі гэта. Калі на другі-трэці фестывалі культурніцкія праекты нават не ўмелі падацца, за апошнія гады іх узровень у плане даходу да сваёй мэтавай аўдыторыі значна вырас. І ў гэтым таксама ўнікальнасць нашага Фестывалю, бо рэкламныя фэсты, як правіла, на культурніцкія праекты зважаюць менш.

Паралельна мы ставілі мэту і практычнага навучання (найперш для гэтага і задумвалася адукацыйная праграма), і наладжвання ўнутранай камунікацыі паміж бізнесам і грамадска-культурніцкімі ініцыятывамі. Бо доўгі час – і цяпер гэты стэрэатып таксама не крэпка разбураны – многія бізнес-структуры разглядаюць культурніцкіх дзеячаў і ініцыятывы выключна як прасіцеляў, а не як паўнавартасных партнёраў. Часта выступаюць як мецэнаты, а партнёрства ў сучасным разуменні, калі ў супрацоўніцтве бачыцца ўзаемная карысць і для бізнесу, і для грамадскіх і культурніцкіх арганізацый, яшчэ толькі-толькі пачынаецца. Такім чынам, вынікі і ўздзеянне нашага Фестывалю задуманы для вельмі шырокага кола.

– Раскажыце пра самыя адметныя моманты Фестывалю.

– На конкурс падаюцца работы, якія ўжо былі рэалізаваныя. Але дзеля матывацыі развіцця, асабліва маладых адмыслоўцаў, мы зрабілі асобную намінацыю для нерэалізаваных праектаў. Бо часам нават вядомыя рэкламныя агенцыі робяць прадукт, які на пэўным этапе па тых ці іншых прычынах не прымаецца замоўцам, хоць можа быць вартым і цікавым. Напрыклад, элементарна няма фінансавання рабіць на дзвюх мовах.

Сёлета мы трошкі скарацілі намінацыі. Свае работы маглі падаваць як кампаніі, так і прыватныя асобы, фрылансеры, у тым ліку дызайнеры. Таксама мы прадугледзелі магчымасць удзелу любога чалавека. У гэтым таксама ўнікальнасць нашага Фестывалю, што ёсць такая намінацыя як “Каша сувораўская”. Неабыякавасць і назіральнасць – асноўныя рысы, неабходныя для ўдзелу ў гэтай намінацыі. Прыклады некарэктнай, недалікатнай ці проста з памылкамі, якія варта выпраўляць, рэкламы могуць быць дасланыя любым чалавекам, для якога неабыякавая навакольная інфармацыйная прастора. Відавочна, гэта робіцца не для таго, каб упікнуць тую ці іншую кампанію, хутчэй, каб падказаць, у якім кірунку, працуючы ў нашым грамадстве, лепш рухацца.

Адукацыйную праграму мы таксама вырашылі зрабіць больш разнастайнай. Яе аснову складаюць выступы прадстаўнікоў рэкламы і камунікацыі, але з мінулага года мы запрашаем яшчэ і адну-дзве асобы агульнакультурніцкага значэння, якія ўплываюць на светапогляд людзей. Цяпер дафармоўваецца праграма, мы вырашаем, хто сёлета прыедзе з замежнікаў, і пра адукацыйную праграму з’явіцца асобная навіна.

Яшчэ адна адметнасць нашага Фестывалю ў тым, што мы імкнемся захаваць бясплатны ўдзел як у намінацыях, так і ў адукацыйнай праграме. Для нас вельмі важна, каб інфармацыя даносілася да людзей і матывавала іх працаваць на беларускім полі. Магчыма, варта было б, як на іншых фестывалях, уводзіць хаця б намінальную плату за падачу работ, але мы лічам, што гэта яшчэ рана рабіць. Трэба больш асобаў і кампаній уцягнуць у гэтае поле, і тады яго можна будзе выводзіць на камерцыйныя рэйкі.

http://budzma.by/wp-content/gallery/dnk7/YYD_1124.jpg

– Тым не менш, сёлета вы мусілі звярнуцца да краўдфандынгу. 

– Шмат якіх момантаў падрыхтоўкі Фестывалю не бачна. А насамрэч гэта вялікая праца арганізацыйная. І выдаткі немалыя (і на арэнду, і на тэхнічныя выдаткі, звязаныя з цырымоніяй, і праца людзей). Так, у нас шмат партнёраў, і яны дапамагаюць моцна (прадукцыяй, сувенірамі, прызамі, інфармацыйным суправаджэннем). Аднак, на жаль, гэтага недастаткова. І каб і ў гэтым годзе Фестываль праходзіў на высокім арганізацыйным узроўні з адметнай цырымоніяй узнагароджання, уражанні ад якой  потым яшчэ доўга натхняюць і матывуюць, асабліва маладых, не спыняцца працаваць на ніве беларушчыны, у гэтым годзе мы былі вымушаныя звярнуцца да публічнага збору сродкаў. Мы лічым, што нельга, каб усе арганізацыйныя выдаткі леглі на плечы тых, хто хоча ўдзельнічаць у Фестывалі, то бок сцвярджае сябе ў беларускаментальным культурніцкім полі. Але не толькі з-за гэтага. Вельмі хацелася б, каб тыя, хто цікавіцца Фестывалем, таксама мелі магчымасць спрычыніцца да стварэння гэтай культурніцкай камунікацыйнай платформы.. Наш зварот праз ulej.by — гэта, хутчэй, не просьба “дайце грошы, бо нам зараз цяжка”, а вельмі добрая магчымасць, калі ты не рэкламіст, але не абыякавы да таго, у якім інфармацыйным поліжывеш, паўплываць, нават самым мінімальным унёскам, каб беларусаарыентаванае поле пашыралася. І яшчэ не позна спрычыніцца да арганізацыі Фестывалю  aDNaK!, зрабіўшы ўнёсак праз Ulej.by, і  адчуць за гэта гонар, а таксама ўдзячнасць арганізатараў.

 – Вяртаючыся да конкурснай праграмы: хто сёлета ўвайшоў у журы і па якіх крытэрах яно будзе ацэньваць працы?

– Сёлета склад журы, як і ў мінулым годзе, абнавіўся амаль напалову. Такая ратацыя забяспечыць высокі ўзровень аб’ектыўнасці ацэнкі конкурсных работ. Журы склалі прадстаўнікі найбуйнейшых рэкламных агенцтваў Беларусі, вядомыя асобы з бізнесу і культуры, шоу-бізнесу і СМІ, а таксама аўтарытэтныя персоны з іншых сфераў. Напрыклад, у журы намінацый “Сацыяльная рэклама”, “Грамадсказначныя праекты”, “Беларусаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект” і “Каша сувораўская” ўвайшлі такія вядомыя асобы, як амбасадар МЗС Швецыі Стэфан Эрыксан, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, галоўны рэдактар газеты “Наша Ніва” Андрэй Скурко, заснавальнік выдавецтва “Рыфтур” Сяргей Плыткевіч, культуролаг Юлія Чарняўская, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, трэнер баскетбольнай каманды “Цмокі-Мінск” Аляксандр Куль.

Яны будуць ацэньваць работы паводле адпаведнасці ўжывання беларускай мовы мэтам і задачам камунікацыі, адпаведнасці іміджу брэнда, якасці камунікацыі з мэтавымі групамі, практычнай значнасці, ужывання прафесійных інструментаў, наяўнасці актуальнай візуальнай культуры або фармавання новых трэндаў, узроўню тэхнічнага выканання і арыгінальнасці.

У нас існуе правіла: калі нейкая кампанія падае работу, а яе прадстаўнік ёсць у журы, ён не ўдзельнічае ў галасаванні. Такім чынам захоўваецца аб’ектыўнасць, а арганізацыя не выключаецца з абодвух працэсаў.

 – Якія цікавосткі чакаюць гасцей Фестываля ў дзень абвяшчэння вынікаў?

– Фестывальны перыяд цягнецца ад моманту яго абвяшчэння і да падсумоўваючага дня, які сёлета выпадае на 30 чэрвеня. Ён пачынаецца з адукацыйнай праграмы, на якую бясплатна, папярэдне зарэгістраваўшыся, можа трапіць любы ахвотны. Яна праходзіць у рэжыме “нон-стоп” да пачатку цырымоніі ўзнагароджання. У фарматах лекцый, майстар-класаў, інтэрактываў розныя тэмы будуць асвятляць нашы беларускія спецыялісты і замежныя госці. Сёлета будуць агучаныя вельмі цікавыя тэмы, аднак пакуль мы афіцыйна не абвесцілі адукацыйную праграму, я не маю права пра гэта гаварыць. Але я буду шкадаваць, калі праз арганізацыйныя моманты мне не ўдасца схадзіць на многія з прапанаваных тэмаў.

Пасля гэтага адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам сябраў журы адносна ўсяго фестывальнага перыяду, у тым ліку журэння па намінацыях, якое, часам, адбываецца ў вельмі жорсткіх спрэчках. Адбор таксама вельмі жорсткі. Усе гэтыя гады мы даносім да людзей, што стварыць прадукт – гэта адно, але таксама важна і падаць яго. І ў папярэднія гады назіралі, як досыць прывабныя работы не ўспрымаліся журы менавіта таму, што самі стваральнікі не ўмелі пра іх распавесці.

А ўвечары пачнецца цырымонія ўзнагароджання, якую чакаюць усе. Будзе каля 350 удзельнікаў (дарэчы, тыя, хто прыйшоў на адукацыйную праграму, маюць права застацца на саму цырымонію). Акрамя таго, сёлета ёсць унікальная магчымасць, зрабіўшы ўнёсак праз Ulej.by, выбраць прысутнасць на цырымоніі ўзнагароджання і паглядзець ды пакамунікаваць са стваральнікамі таго, што ўплывае на нас штодня. Мы стараемся, каб цырымонія была цікавая і крэатыўная. Вельмі радыя, што ў гэтым годзе весці яе зноў пагадзіліся Ганна Хітрык і Павел Харланчук-Южакоў. Таксама будуць музычныя падарункі ад нашых сяброў, з якімі кампанія “Будзьма беларусамі!” шмат гадоў супрацоўнічае.

Мы вельмі спадзяемся сёлета раздаць шмат гран-пры, якія даюцца выключна работам найвышэйшай якасці. У мінулым годзе іх было вельмі мала, і мы хочам, каб сёлета было каму іх раздаваць. Гэта іміджавая ўзнагарода, якую людзі імкнуцца атрымаць. Аднак часта нашы партнёры прадастаўляюць спецпрызы, дзе ёсць і пэўныя матэрыяльныя бонусы.

Чакаем усіх цікаўных!

Яўгенія Бурштын, eurobelarus.info