15 / 04

Павел Ганчар: «Мая місія — быць паспяховым беларускамоўным чалавекам, каб астатнія захацелі стаць такімі ж»

Курсы па вывучэнні дзелавой беларускай мовы Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу праводзіла для сваіх членаў і іншых беларускіх і замежных кампаній на працягу верасня-снежня 2014 года. Слухачы курсаў атрымалі навыкі вусных і пісьмовых дзелавых стасункаў на беларускай мове, а на некаторыя заняткі запрашаліся бізнесоўцы і кіраўнікі, якія маюць досвед ужывання беларускай мовы ў бізнесе. У прыватнасці – Павел ГАНЧАР, начальнік аддзела па развіццю фіксаванай сувязі ўнітарнага прадпрыемства “Вэлком”, які расказаў прадстаўнікам камерцыйных кампаній, як пачаць камунікаваць па-беларуску з калегамі, партнёрамі і кліентамі.

biznes-bel-hanczar01

Пра шлях да беларускай мовы

– Аднойчы я вырашыў, што далей так жыць не магу: мае ўнутраныя ўстаноўкі і перакананні ўвайшлі ў канфлікт з тым, што я дагэтуль размаўляю па-руску.

На той час я быў дырэктарам кампаніі “Дзелавая сетка”, і таму людзей на працы, з якімі мы звычайна збіраліся на планёрку, я папярэдзіў: з Новага году я гавару толькі па-беларуску. Спачатку яны баяліся, што ім будзе цяжка мяне зразумець, але нічога страшнага не адбылося – з часам прывыклі.

Наогул, трэба сабе ставіць зразумелыя смарт-задачы і іх выконваць, каб адчуваць перамогу і поспех. У маім выпадку я спачатку вырашыў, што паўгода буду дома размаўляць па-беларуску, потым столькі ж – яшчэ і на вуліцы, а з Новага года — пачынаю новае жыццё і паўсюль размаўляю па-беларуску.

Канечне, у першы час адчуваецца жорсткая “ломка”, амаль на фізічным узроўні. Псіхіка перанапружваецца, бо ў адказ ад суразмоўцы звычайна чуеш рускую мову – і першыя месяцы гэта моцна цісне. Але потым праходзіць.

Пра беларускую мову ў кампаніі

– Праз некаторы час абслугоўванне ў нас у кампаніі было білінгвічнае – спецыялісты па продажах і службы тэхнічнай падтрымкі былі як рускамоўныя, так і беларускамоўныя. Тых, хто працаваў па-беларуску, мы стымулявалі, даплачвалі каля 5% ад акладу. На дыскрымінацыю з рускамоўных ніхто не скардзіўся, бо, па-першае, гэта не такая заўважная сума, а, па-другое, аферта была адкрытай, да яе мог далучыцца любы супрацоўнік.

Але справаводства па-беларуску я ўводзіць не стаў, палічыўшы гэта гвалтам над людзьмі: на той момант мы ўжо адпрацавалі больш за дзясятак гадоў — навошта людзей прымушаць? Калі б гэта была новая кампанія, то іншая справа. А так не хацелася адштурхнуць ад мовы, бо людзі самі павінны цягнуцца да яе.

На жаль, носьбіт беларускай мовы сёння ў масавай свядомасці асацыюецца толькі з людзьмі, якіх б’юць на мітынгах. Для сябе ў звязку з гэтым я вызначыў місію: паспрабаваць змяніць успрыманне, быць паспяховым беларускамоўным чалавекам, каб астатнія захацелі стаць такімі ж.

02_3

Пра беларускую мову на сайце кампаніі

– Аднойчы мы зрабілі новую версію сайта кампаніі і мовай па змаўчанні паставілі беларускую. Вядома, былі і скаргі, пры чым даволі тыповыя: маўляў, «у нас в стране двуязычие, я имею право…». Ну, ціскай на спасылку «ru» і чытай! А тое, што па змаўчанні не выпадае руская мова – ну прабачце. Аднак, колькі было падзяк, а якія шчырыя! Прыкладна на тры скаргі прыходзілася восем падзяк.

Я адсочваў статыстыку заходаў на сайт: цікава, што спачатку людзям было цяжка ўспрымаць інфармацыю па-беларуску: большасць ціскала на «ru» і пераходзіла на рускамоўную версію. Але прыкладна праз пяць месяцаў такіх наведвальнікаў засталося ўсяго 15%. Гэта кажа пра тое, што людзям да беларускай мовы прыстасавацца няцяжка. Ёсць невялікая нязручнасць у першы час, але потым яны прызвычайваюцца, і праблема знікае.

Пра стасункі з калегамі

– Зараз я працую ў кампаніі velcom – і тут ніякіх праблем у стасунках з калегамі і кіраўніцтвам няма. Знайшліся нават два беларускамоўных супрацоўніка, а яшчэ каля дваццаці рускамоўных са мной размаўляюць па-беларуску.

Ліставанне таксама адбываецца па-беларуску, у тым ліку з топ-менеджментам. Ніхто не прасіў пісаць па-руску, наадварот, казалі, што беларуская вельмі падабаецца.

Пра дзелавыя перамовы

– Па змаўчанні натуральна пачынаю па-беларуску. І яшчэ не было выпадкаў, каб чалавек з беларускай кампаніі папрасіў мяне перайсці на рускую. Прадстаўнікі рускіх кампаній – прасілі. І я пераходзіў, бо не бачу ў гэтым ніякай праблемы. Нават калі на вуліцы нехта мяне не разумее, то заўсёды прыязна паўтараю незразумелае слова па-руску і камунікацыя працягваецца — гэта не нагода перайсці на рускую мову, а нагода проста падказаць слова.

Пра рэкламу па-беларуску

– Адназначна зараз прасочваецца трэнд выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе. Зараз у буйным бізнесе лічыцца бонтонам мець беларускамоўную рэкламу. Але ўлічваючы тое, што камунікатыўная функцыя беларускай мовы як сродку расказаць людзям нешта канкрэтнае пра тавар спрацоўвае не на 100%, то рэкламу, якая прадае, усё ж такі пакінулі рускамоўнай, а беларускамоўнай робяць статусную, “іміджавую” рэкламу.

Але разлічваць на тое, што грамадства хутка і самастойна пяройдзе на выкарыстанне беларускай мовы, было б вельмі ідэалістычна. Добра, што ёсць трэнд, што ў эліце і моладзевым асяродку гэта лічыцца модным, але асаблівых зменаў не будзе без падтрымкі з боку дзяржавы або без з’яўлення нейкай знешняй пагрозы, якая можа стаць стымулам.

aebbel.by