Слоўнік беларускага рэкламнага і каля рэкламнага жаргону
Пачулі, як мужык з чырвонымі вачыма расказваў свайму сябру, што засоўваў баброў у кажухі, каб везці іх у Старыя Дарогі, а там быў чукча з батлейкаю? Усё правільна — гэта шалёныя. Шалёныя беларускія рэкламісты і іх шалёны слэнг. Сустракайце!
Атрымун — 1. Вынік рэкламнай кампаніі, руск. “выхлоп”. Прыклад ужывання: “Мы два месяцы круцімся ў іх. Атрымун — нуль”. 2. Цэны ў агенцтве, англ. “price”. Прыклад ужывання: “Калі перайшлі да атрымуну, у іх адразу зрабіліся сумныя твары”.
Бабёр — англ. “reference”, прыклад стылістыкі для рэкламнага паведамлення і г.д. Этымалогія няясная. Прыклад ужывання: “Не, на даганец не пайду, мне яшчэ ў прэзентаху баброў напускаць трэба”.
Байка — сюжэт рэкламнага роліка, адмаляваны па сцэнах, англ. “storyboard”. Байкі, зробленыя халтурна, але наўмысна так, каб падладзіцца пад дзіўныя густы кліента, называюць байкамі Кандрата Крапівы. Прыклад ужывання: “Батлейка была адкрытая. Ты б бачыў, што за намі паказвалі — байкі Кандрата Крапівы”.
Балотнік — селякцец, які не даў ніякіх вынікаў, або сустрэча з кліентамі, што мела дрэнныя вынікі. Прыклад ужывання: “Былі на забрыфоўцы. Сапраўдны балотнік”.
Батлейка — англ. “pitch”, прэзентацыя магчымасцяў агенцтва або крэатыўнай медыйнай стратэгіі. Жаргонны выраз паходзіць ад народнага тэатра — батлейкі, асноўнымі сюжэтамі якой былі неверагодныя, містычныя гісторыі. Прыклад ужывання: “Натуральна перамаглі. Мы ім такую батлейку паказалі, самі не верылі, а яны паверылі”.
Буда-Кашалёва — рэкламны бюджэт (звычайна на год), які можа атрымаць агенцтва пры выкананні шэрагу ўмоваў, сінонім міфічных абяцанняў. Прыклад ужывання: “Буда-Кашалёва ў іх пад пятнаццаць мільёнаў, але туды толькі праз Старыя Дарогі”.
Вардзец — капірайтар або капірайт, ад назвы праграмы, у якой збольшага працуюць капірайтары — MSWord. Прыклад ужывання: “У іх учора вардзец з узгадняльнікам проста ў лазні пабіліся”.
Вочка — галоўная цікавінка рэкламнай кампаніі, руск. “фишка”. Паходзіць ад “вочак” на бульбе. Прыклад ужывання: “Я ўчора бачыў ваш ролік. Вы яму вочка выкалалі. — Не мы, кліент спужаўся”.
Гаманец — англ. “deadline”, тэрмін, да якога праца мусіць быць зробленай (перададзенай замоўцу). Прыклад ужывання: “Сёння пасля абеду гаманец нам перанеслі на ўчора”.
Даганец — англ. “afterparty”, ужыванне алкаголю пасля імпрэзы, адбываецца ў вузкім коле, у якое ў любым разе трапляюць нікому не вядомыя людзі. Прыклад ужывання: “Гэта ты выклаў фоткі з даганцу ў фэйсбук? Шукай працу!”
Два буслы — два шыльдзяцы, усталяваныя на адным слупе або побач. Прыклад словаўжывання: “Нам патрэбныя два буслы. Не, нам не піць, нам клеіць”.
Жабка — сацыяльная рэклама. Слова паходзіць з роліка пра беларускія балоты, дзе буйным планам некалькі секундаў дэманстравалася жаба. Прыклад ужывання: “Учора такую жабку бачыў. У ліфце сядзела”.
Жыццярадасныя аптымісты — сінонім мэтоўкі. Выраз узнік, бо ў большасці брыфаў мэтавая аўдыторыя апісваецца менавіта гэтымі двума словамі. Прыклад ужывання: “І якія жыццярадасныя аптымісты ў нас на сёння?”
Залаты ключык — англ. “keyvisuals”, выява, якая (часам разам з подпісам) адлюстроўвае сутнасць гандлёвай прапановы. Звычайна ўжываецца ў дачыненні да “касмічнага” крэатыву. Прыклад ужывання: “У карталюшцы напісана, ім патрэбныя залатыя ключыкі”.
Заляпуха — пэкшот у роліку. Прыклад ужывання: “Ну, нічога, толькі на заляпусе лагатып трэба павялічыць”.
Зладзіць Дажынкі — правесці масіраваную рэкламную кампанію. Прыклад ужывання: “У іх бюджэт фантастычны — будуць сапраўдныя Дажынкі!”
Кажух — стандарт афармлення рэкламных матэрыялаў, зададзены брэндбукам, рэдка — сам брэндбук. Прыклад ужывання: “Нам спадабалася, але вы кажух няправільна надзелі. Брэндбук наш бачылі хоць?”
Карталюшка — брыф або іншая папера, дасланая з боку кліента ў крэатыўны аддзел. Прыклад ужывання: “У карталюшцы змены. Жыццярадасныя аптымісты цяпер 45+”.
Лазня — пакой для перамоваў. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню пра тое, што паходзіць нібы ад таго, што рэкламісты пацеюць падчас сустрэчаў з кліентамі, насамрэч слова пашырылася праз пакой для перамоваў у адным вядомым агенцтве, дзе ўвесь час, асабліва падчас перамоваў, хто-небудзь ды хадзіў. Прыклад ужывання: “А што, у лазні зноў жаночы дзень?” — “Так, абмяркоўваюць (брэнд жаночай бялізны)”.
Лён — прыхаваная рэклама ў СМІ падчас чарговай хвалі барацьбы за імпартазамяшчэнне, слова выціснула з маўлення больш вядомае раней слова “джынса”. Прыклад ужывання: “Льну намалацілі?” — “У кожнай раёнцы!”
Ляпняк — макет у прэсу. Прыклад ужывання: “Ляпняк мусіць быць праз пяць хвілін, у нас гаманец!”
Мажарытарны брэндынг — бессэнсоўнае спалучэнне словаў, ужываецца, каб запалохаць кліента, новенькага ў калектыве, або проста для звязкі словаў. Прыклад ужывання: “Я ўчора прэзентацыю падрыхтаваў, мажарытарны брэндынг, там трыста слайдаў”.
Мазавідла — эфекты ў праграме Photoshop. Прыклад ужывання: “Мазавідла наклалі. Яе мама родная не пазнае”.
Махальнік — від халяўкі, рэкламны сцяжок. Прыклад ужывання: “Махальнікі былі добрыя, але пайшоў дождж, толькі дручкі засталіся”.
Мэтоўка — мэтавая аўдыторыя. Прыклад ужывання: “Паводле брыфу, нашая мэтоўка — маладыя працоўныя. Гэта першы прыклад у маёй практыцы, калі мэтоўка і бытоўка так блізка адна да адной”.
Паступовы рух наперад — від эканамічных адносінаў, што разглядаюцца Крымінальным кодэксам як злачынства, — даванне хабару. У беларускім памяркоўным бізнес-асяродку не прынята ўжываць слова “адкат”, таму яму быў знойдзены “прагрэсіўны” эўфемізм. Прыклад ужывання: “Паступовы рух наперад у нас стандартны — 30 адсоткаў”.
Пісдалік — англ. “SMS”, кароткае паведамленне, перададзенае праз мабільны тэлефон. Слова паходзіць ад спалучэння“пісаць у далячынь”. Прыклад ужывання: “Канцэпцыя прасоўвання брэнду не бачыцца нам без ужывання пісдалікавага маркетынгу”.
Прыблізнінг — графік, план любога працэсу ад стварэння брэнду, роліка, постара да медыйнага плана, звычайна ў прыблізнінгу ёсць адзін або некалькі гаманцоў. Прыклад ужывання: “Прыблізнінг зацвердзілі. Чакаем гаманца”.
Пяцігодка — план рэкламнай, маркетынгавай і PR-актыўнасці на год, часцей — проста медыяплан. Прыклад ужывання: “Мы пяцігодку склалі, але грошай толькі на сем месяцаў”.
Пяцігоднік — медыяпланер. Паходзіць ад планаў на пяцігодкі. Прыклад ужывання: “У нас пяцігоднікі не затрымліваюцца. Год-два і сыходзяць”.
Разганец — 1. рус. “затирачка”, невялічкі тэкст у буклеце, прэзентацыі, на запрашальніку, які каротка тлумачыць галоўную ідэю чаго-кольвечы, уводзіць у кантэкст. Прыклад ужывання: “Яны мне з’елі мозг. Сёмы раз разганец перапісваю”. 2. англ. “preparty”, ужыванне алкаголю перад пачаткам асноўнага мерапрыемства. Прыклад ужывання: “Каму далі Гран-пры, я не ведаю, там такі разганец быў… Піва ёсць у цябе?”
Ручнікі — сувенірная прадукцыя (любая, не толькі ручнікі), рус. “сувенирка”. Паходзіць ад стэрэатыпнага беларускага сувеніру — ручніка. Прыклад ужывання: “Яны яшчэ бізнес-ручнікі хочуць. Наробім асадак ці пакрэатывім?”
Саладуха — яркі тыпаж для рэкламных матэрыялаў, вочка. Прыклад ужывання: “Усё не тое, трэба шукаць Саладуху”.
Селяктуха — мазгавы штурм; селекціць — праводзіць мазгавы штурм. Паходзіць ад “селектарная нарада”. Прыклад ужывання: “Селяктуха была што трэба! Адна бяда — ніхто не запісаў”.
Старыя Дарогі — неаплачвальны тэндар. Прыклад ужывання: “Клічуць у Старыя Дарогі. Абяцаюць Буда-Кашалёва”.
Талерантнасць — англ. “insite”, схаваныя жаданні спажыўца, шырэй — база для пабудовы рэкламнай стратэгіі. Прыклад ужывання: “Не, ну ідэі добрыя, але трэба яшчэ талерантнасць пашукаць”.
Узгадняльнік — менеджар па працы з кліентамі, рус. “аккаунт”. Прыклад ужывання: “Нашыя ўзгадняльнікі нічога ім не адправілі, самі нам на дапрацоўку вярнулі”.
Халяўка — рэкламныя матэрыялы, што раздаюцца, напрыклад, у метро, на канферэнцыях і г.д., у тым ліку ручнікі. Прыклад ужывання: “Халяўка ў нас будзе ад партнёраў. Але лепш які ручнік укласці”.
Чукча — неабачлівы кліент, што прыняў першую ж прапанову агенцтва. Каб не быць залічаным у чукчы, прынята як найменей тры разы спасылацца на адсутнасць талерантнасці ў прапановах. Прыклад ужывання: збянтэжаны ўзгадняльнік у крэатыўным аддзеле: “Яны прынялі…” Крэатыўны аддзел хорам: “Чуууууукчыыы!”
Шыльдзец — вялікі рэкламны банер, англ. “bigboard”, ад “шыльда”. Прыклад ужывання: “Вось маладзец! Можаш, калі хочаш. Павесіць шыльдзец ля дома гендыра — ход што трэба!”
Перакладаў Андрэй Адамовіч