Сяргей Метта: “Беларускамоўная рэклама павышае агульны градус “беларускасці” у грамадстве”
Заснавальнік аднаго з самых вядомых айчынных брэндаў чыпсаў і гендырэктар кампаніі “Анега” Сяргей Метта распавёў нам, чым яму карысна як бізнэсоўцу, беларускасць у беларусах, што нам варта пераняць ад літоўцаў і як правільна выхоўваць дзяцей.
— Спадар Сяргей, у вас досыць нетыповае для Беларусі прозвішча.
— Сапраўды. Але ў вёсцы Курганы, што пад Мінскам, адкуль я родам, палова насельніцтва мае такое прозвішча. Гадоў 20 таму ў Беларусь прыязджалі французскія журналісты, каб даследаваць, як тут жывуць нозьбіты французскіх прозвішч. Яны таксама наведалі і маю родную вёску і распавялі некалькі цікавых версій паходжання прозвішча Метта на беларускіх землях. Карані яе сягаюць у графства Монбіл’яр, якое знаходзіцца на французска-нямецка-швейцарскай мяжы. У 17-18 стагоддзях гэта тэрыторыя пастаянна ўваходзіла ў склад розных краін. Праз гэта ўзнікалі шматлікія канфлікты і эканамічныя блакады, таму мясцовае насельніцтва ў пошуках лепшай долі часам мусіла пераязджаць на іншыя землі. Вось падчас такой чарговай хвалі іміграцыі яны і з’явіліся на Беларусі. Другая версія больш рамантычная. Ураджэнец Монбіл’яра пакахаў літоўскую шляхцянку і вырашыў пераехаць бліжэй да яе радзімы, а разам з ім у далёкае падарожжа выправіліся і яго аднавяскоўцы. Так яны і аселі ў вёсцы Курганы. Мае дзядуля і бабуля былі стрыечнымі братам і сястрой, бо па веравызнанні яны былі лютэранамі, і ў іх сем’ях імкнуліся пабрацца шлюбам з прадстаўнікамі сваёй канфесіі.
Заўсёды важна кімьсці быць і захоўваць свае карані, асабліва ў часы глабалізацыі. Культурныя і рэлігійныя адрозненні робяць наш сусвет такім цікавым і яскравым, бо калі ўсе будуць аднолькавымі — гэта будзе не цікава. Наша краіна, навогул, — сапраўдны вінегрэт. Столькі культур і традыцый тут намешана: і заходніх, і ўсходніх, і паўночных, і паўднёвых…
— У вашай сям’і, мабыць, захаваліся свае своеасаблівыя традыцыі.
— На жаль, я ўжо застаў, выбачайце, культуру п’янства, якая даўно паглынае беларускія вёскі. Многія мае родныя і аднавяскоўцы сталі ахвярай гэтага. Адбывалася культурнае згасанне, асабліва за савецкім часам. Выпіць, карову дагледзець, у агародзе пакорпацца — і ўсё. Культурная і духоўная спадчына перастала перадавацца, як гэта было раней. Носьбітам культуры для мяне стала школа, а пазней грамадства. Выхоўваючы жа зараз сваіх дзяцей, я спрабую данесці да іх пэўныя духоўныя каштоўнасці, бо гэта вельмі важна. Памятаю, мая старэйшая дачка прыходзіць аднойчы з дзіцячага садку і пачынае мне на ангельскай мове вершык чытаць. А я перад гэтым быў у Італіі, дзе на ўласныя вочы пабачыў, як тутэйшыя маленькія жыхары ганарацца тым, што яны — італьянцы, і могуць спакойна ў свае 5-6 год распавесці пра гісторыю свайго рэгіёна, сям’і. Тады я запытаў у дачкі: “А хто ты па нацыянальнасці? Якая твая Радзіма?” Яна збянтэжылася і не ведала што адказаць. На жаль, наша сістэма выхавання не культывуе гэтага ў дзяцей, як гэта робіцца ў той жа Італіі ці любой іншай еўрапейскай краіне. Таму я ў нейкай ступені захапляюся літоўцамі, якіх толькі некалькі мільёнаў, але яны беражліва захоўваюць сваю гістарычную і культурную спадчыну. Тое ж тычыцца і эстонцаў. Ім гэта, сапраўды, патрэбна.
Мяне апошнім часам вельмі хвалюе нейкая летуценнасць і непрактычнасць нашых людзей. Яны наўпрост не ўмеюць навучыць сваіх дзяцей асноўным навыкам здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання, уласнай бяспекі. А гэта ж так важна для далейшага існавання і развіцця нас, як нацыі. Толькі паглядзіце чым у нас кормяць дзяцей — прадуктамі з вялікай колькасцю цукару. І мала хто гаворыць, наколькі ён шкодны для арганізма, як выклікае моцнае прызвычаіванне, лішнюю вагу. У многіх краінах Еўропы, у тым ліку ў суседняй Літве, увялі падатак на цукар. І вытворцы з імпарцёрамі зацікаўлены шукаць іншыя шляхі, каб зніжаць яго колькасць у сваіх прадуктах і плаціць адпаведна меншы падатак. Наша кампанія таксама плануе пашыраць вытворчасць прадуктаў здаровага харчавання. Тым самым, я лічу, змагу зрабіць свой асабісты ўнёсак у развіццё беларускай нацыі. Вось напрыклад, мы выпускаем хлебцы для дыетычнага харчавання. На жаль, яны не карыстаюцца асаблівым попытам. Бо ў нас, па-першае, яшчэ не так развіта культура здаровага харчавання, а па-другое, хлебцы — танны прадукт. І парадокс у тым, што яго досыць складана прадаваць, бо самі крамы і гандлёвыя сеткі ў гэтым не зацікаўлены. На больш дарагіх прадуктах яны маюць большы абарот.
Вернемся да тэмы выхавання. Менавіта бацькі ў першую чаргу мусяць быць годным прыкладам для сваіх дзяцей. Часам можна пачуць, як тыя абураюцца, што дзеці сталі рана ўжываць алкаголь альбо ўвесь свой час марнуюць на інтэрнэт і соцсеткі. Так і хочыцца запытаць: “А чым вы, уласна, абураецеся, калі самі на застоллях трымаеце ў руках чарку і з маленства прывучылі дзяцей, што калі адбываецца нейкае свята, трэба абавязкова адзначаць яго алкаголем? І наколькі часта самі надоўга завісаеце ў інтэрнэце?” Як сказаў нядаўна мой любімы спявак Міхаіл Бублік, як вы не вучыце дзяцей, яны ўся роўна стануць такім ж, як і вы. Таму пачынайце выхаванне сваіх дзяцей з сябе.
— Чаму вы вырашылі стаць афіцыйным партнёрам сёмага фестываля беларускамоўнай рэкламы “ADNAK!”?
— Трэба заўсёды падтрымліваць нешта незвычайнае і цікавае. Да таго ж асабіста я лічу, што беларускамоўнай рэкламы ў нас яшчэ пакуль недастаткова. Падтрымка фэстаў — гэта наш унёсак у развіццё маркетынгавага асяроддзя ў Беларусі. Такія мерапрыемствы, як фестываль “ADNAK!”, спрыяюць павышэнню ўзроўня айчынных маркетынгавых і рэкламных агенцтваў, развіццю беларускіх спецыялістаў, стварэнню таго асяроддзя, у якім будуць нараджацца высакакласныя і геніяльныя маркетолагі. Яны будуць працаваць у нас ці ў іншых кампаніях і ствараць тыя маркетынгавыя стратэгіі, якімі мы зможам потым ганарыцца.
— Чым ён цікавы асабіста вам і што вы чакаеце ад ўдзелу ў ім?
— “Анега” — беларускі вытворца, і тыя ідэі, якія транслюе фестываль “ADNAK!”, вельмі блізкія нам. Рэальнасць сёння такава, што на беларускім рынку актыўна прасоўваюць сваю прадукцыю транснацыянальныя карпарацыі. Чым мы можам вылучыцца сярод іх? У першую чаргу — усяляк падкрэсліваючы, што мы — нацыянальны вытворца. Як бізнэсоўцу, мне карысна, каб у беларусаў павялічваўся градус “беларускасці”, нацыянальнай свядомасці. Чым больш у нас будзе беларусаў, якія шануюць сваю гісторыю, культуру, тым лепш будзе прадавацца і мая прадукцыя. Бо яны будуць падтрымліваць айчыннага вытворцу, каб грошы заставаліся ў краіне, а не ішлі за акіян, каб ствараліся новыя працоўныя месцы. І беларускамоўная рэклама актыўна спрыяе гэтаму і павышае агульны градус “беларускасці” у грамадстве.
— Якую ролю беларускамоўная рэклама і традыцыі граюць у вашай кампаніі? Наколькі паспяхова яны дапамагаюць прасоўваць на рынку вашы брэнды?
— Напрыканцы мінулага года ў нас выйшаў новы прадукт, які можна, сапраўды, назваць на сто адсоткаў беларускім — “Чыпсы з беларускай бульбы”, бо гатуецца выключна з беларускай бульбы. Менавіта ён, на наш погляд, мае права і павінен камунікаваць на рынку на беларускай мове. Рэклама на беларускай мове, вядома ж, вылучае, але, як я лічу, не ўсе вытворцы могуць камунікаваць на ёй — больш гарманічна гэта ўспрымаецца, калі рэкламуюцца тавары, звязаныя з беларускай сыравіннай базай.
Паглядзіце, як граматна і эфектыўна прасоўвалі на міжнародным рынку свае прадукты амерыканскія вытворцы праз рэкламу свайго ладу жыцця. Наша моладзь сёння слухае амерыканскую музыку, глядзіць амерыканскія фільмы, таму ім так лёгка прадаць і амерыканскую ежу. ЗША даўно ўжо паспяхова прадала нам сваю культуру разам са сваімі таварамі. А я зацікаўлены, каб у нашай краіне розным чынам прасоўваліся беларуская культура і традыцыі. Бо прадукты — гэта таксама значная і неад’емная частка культуры.
— Дарэчы, у рэкламе сваіх “Чыпсаў з беларускай бульбы” вы асноўны акцэнт робіце на тым, што яны зроблены з беларускай бульбы і нават надпіс на ўпакоўцы напісаны па-беларуску, што не вельмі характэрна для “Анегі”. Вы такім чынам хочаце сыграць на патрыятычных пачуццях беларусаў? І ці лёгка іх выклікаць праз рэкламу на роднай мове?
— Гэта даволі лёгка зрабіць у харчовай сферы, бо беларусы і так ведаюць, што айчынныя прадукты вельмі добрай якасці. Але адзначу, што наш досвед беларускамоўнай рэкламы быў вельмі паспяховым. Яе станоўча ўспрынялі нашы спажыўцы, што адбілася і на аб’ёмах продажаў.
— А наколькі складана беларусам прадаць бульбу, якая ў нас здаўна лічыцца нацыянальнай стравай?
— Гэта як спытаць — ці складана людзям прадаваць хлеб, улічваючы, што на паліцах паўно мукі. Бульба — гэта сыравіна, якую трэба яшчэ правільна “прыгатаваць”. Насамрэч, яе прасцей прадаць беларусу, чым таму жа італьянцу альбо французу, бо ў нас спрадвеку любяць і шануюць гэты прадукт.
— Многія вытворцы прызнаюцца, што вымушаны адмаўляцца ад беларускамоўнай рэкламы па эканамічных прычынах, бо, калі іх прадукцыя экспартуецца ў іншыя краіны СНД, ім танней адразу зрабіць яе на рускай мове, якую шмат дзе добра разумеюць. Тое ж тычыцца і нейкага нацыянальнага каларыту, сімвалаў, якія могуць быць незразумелы жыхарам іншых краін. Як вы да гэтага ставіцеся? Які досвед у вас на гэты конт?
— Мы актыўна развіваем экспарт, і беларускае паходжанне нам у гэтым толькі дапамагае. Беларускія прадукты маюць вельмі добрую рэпутацыю на прасторах СНД, як натуральных і якасных, бо спажыўцы лічаць, што ў беларусаў няма грошай на “хімію”. І самае галоўнае — яны ведаюць, што ў нас у адрозненні ад іншых краін досыць жорсткія патрабаванні да кантролю якасці, санітарных норм.
Наш новы прадукт “Чыпсы з беларускай бульбы” добра ўспрынялі замежныя спажыўцы. Адзінае, што беларускі традыцыйны арнамент, які ўпрыгожвае яго ўпакоўку, для расейцаў падобны да ўкраінскага, як і наша мова. А ўлічваючы няпростыя ўзаемаадносіны паміж дзвума нашымі суседкамі, мы, каб пазбегнуць недарэчнасцяў і блытаніны, мусілі зрабіць на пачцы акцэнт вялікімі літарамі на слове “з БЕЛАРУСКАЙ”.
— Вы памятаеце свае ўражанні, калі ўпершынню ўбачылі беларускамоўную рэкламу?
— Я гляджу на рэкламу ўжо не вачыма звычайнага гледача, а падзяляючы яе на элементы, і спрабую вызначыць моманты, якія найбольш ярка чапляюць, каб у далейшым іх выкарыстоўваць у сваёй працы. Першыя мае ўраджанні ад беларускамоўнай рэкламы былі звязаны з анонсамі нейкіх беларускіх падзей, канцэртаў. Здавалася б, нічога незвычайнага. Але мова чапляла сваёй незвычайнасцю і яскравасцю. А потым з’явілася рэклама Samsung на беларускай мове. Гэта было вельмі смела і арыгінальна. Я тады адразу падумаў: “Малайцы!”. Тады беларускамоўнай рэкламы навогул не было, а тут карэйская кампанія адной з першых зрабіла прарыў.
— Калі вы замаўляеце рэкламу, якія патрабаванні, пажаданні вы ў першую чаргу прад’яўляеце рэкламістам?
— Кожны брэнд патрабуе індывідуальнага падыходу. Але асноўнае патрабаванне нязменнае: рэклама павінна павышаць пазнавальнасць брэнда альбо прадукту, рэтрансліраваць іх асноўную ідэю. І, вядома ж, яна мусіць быць заўважнай і дапамагаць прадаваць. Ад сябе дадам, трэба быць бліжэй да спажыўца. І ў нас былі паразы, калі выкарыстоўвалі занадта крэатыўны падыход у рэкламе, але мы вучымся на сваіх памылках. Трэба разумець, што пасыл, які даносіцца рэкламай, павінен быць лёгка зразумелым. Спажывец не будзе сядзець і гадаць, а што ж гэты вытворца хацеў сказаць мне. Усё павінна быць проста, даступна, арыгінальна і ў меру крэатыўна.
Ліна Мілаш, фота Уладзіміра Грыбаедава