26 / 06

Юлія Сімановіч: «Рэклама павінная быць не толькі беларускамоўнай, але і з беларускага матэрыялу»

Юлія Сімановіч – дырэктар па развіцці кампаніі «БланкАрт», якая прадае матэрыялы для шырокафарматнага друку і з’яўляецца сталым партнёрам фестывалю «ADNAK!». Юлія не толькі лічыць, што на бігбордах павінная часцей з’яўляцца беларуская мова, але і што самі бігборды мусяць быць зробленыя ў Беларусі. Яе кампанія – афіцыйны дылер банэрнага матэрыялу, які вырабляецца на кобрынскай фабрыцы «Ручайка». Чаму рэкламістам варта купляць беларускае, Юлія распавяла ў гутарцы перад фестывалем.

– Сёння шмат вонкавай рэкламы ў Беларусі робіцца на кітайскіх банэрных матэрыялах. Пры гэтым, магчыма, не ўсе ведаюць, што ў нас ёсць свая вытворчасць – фабрыка «Ручайка».

 

– «Ручайка» – гэта ж ткацкая фабрыка?

– Так, але ў 2010 годзе яе мадэрнізавалі, набылі італьянскую лінію, на якой цяпер вырабляюцца матэрыялы ПВХ. Адзін з іх якраз выкарыстоўваецца для вырабу банэраў.

 

– Чым добры беларускі матэрыял?

– Завод, які знаходзіцца ў Беларусі, мае сертыфікат, ён адказвае за якасць, дае гарантыі. Прывозячы матэрыялы «no name» з Кітая, імпарцёр ніякіх гарантыяў даць не можа, бо не можа кантраляваць працэс вытворчасці, максімум – абяцанне замяніць брак пасля таго, як рэклама надрукаваная і размешчаная на канструкцыях. Вызначыць, у чым прычына браку, тады ўжо вельмі складана. Калі ў выніку пастаўшчык прызнае, што матэрыял зроблены з парушэннем тэхналогіі, то чакаць замены давядзецца тры месяцы. Бо з Кітая матэрыял ідзе марскім шляхам у кантэйнеры, і, дарэчы, ніхто не ведае, што там з ім адбываецца і як гэта ўплывае на ягоныя якасці. Важна таксама, што калі мы набываем сваё, валюта не вывозіцца з краіны, а вытворчасць дае працоўныя месцы для беларусаў.

Тэхналогія вытворчасці на кобрынскай фабрыцы сапраўды еўрапейская. У Еўропе даўно робяць літы матэрыял, але цэны на яго для беларусаў высокія – недзе тры з паловай даляры за квадратны метр. А беларускі аналаг каштуе да двух даляраў. То бок мы захоўваем еўрапейскую якасць і прапануем нізкі кошт, амаль як на кітайскі матэрыял.

 

– А шмат хто ў нас карыстаецца беларускімі матэрыяламі ў вонкавай рэкламе?

– Большасць буйных тыпаграфій пачынаюць абіраць беларускі матэрыял. Мы сталі дылерамі ў кастрычніку мінулага года. І з таго часу ўсе асноўныя гульцы на рынку паступова абіраюць яго.

Насамрэч я бачу толькі адзін выпадак, калі мэтазгодней набыць кітайскі матэрыял – гэта рэклама на кароткі тэрмін. Калі расцяжка павінная вісець адзін дзень, то якасць матэрыялу няважная, галоўнае кошт. У астатніх выпадках беларускі матэрыял найлепш пасуе для кліентаў, якія клапоцяцца пра свой імідж.

 

– Апроч «Ручайкі» ў Беларусі яшчэ ёсць такія вытворцы?

 – Няма. Год таму закрылася прадпрыемства «Тэхнатэкс», якое таксама рабіла банэрны матэрыял для шырокафарматнага друку.

 

– Калі вы прапануеце кліентам беларускія матэрыялы, ці сутыкаецеся з нейкім стэрэатыпам, што беларускае горшае?

 – Зрэдку можна сустрэць здзіўленне: “Беларусы робяць? Напэўна, як заўжды, дрэнна”. Але толькі ў першыя пяць хвілінаў размовы. Бо гэта тэхнічны прадукт, і дасведчаны кіраўнік разглядае канкрэтныя характарыстыкі матэрыялу.

Але ўвогуле сёння беларускае, наадварот, часцей асацыюецца з высокай якасцю. І мне падаецца лагічным, калі ў Беларусі, скажам, вырабляюцца добрыя малочныя прадукты, аддаваць ім перавагу перад замежнымі. Тое самае і з банэрным матэрыялам.

Юлія Сімановіч:  «Рэклама павінная быць не толькі беларускамоўнай, але і з беларускага матэрыялу»

– Тое, што вы пачалі прадаваць беларускі матэрыял, – гэта для вас не толькі камерцыйная цікавасць?

– Я працую ў вонкавай рэкламе ўжо больш за 7 гадоў. І мне цікава неяк уплываць на тое, што адбываецца на рынку. Вонкавая рэклама даволі запатрабаваная сёння, і доля матэрыялаў “Ручайкі” на рынку з кожным месяцам расце. Для мяне важна не проста прадаць, а прасунуць беларускі матэрыял, саму ідэю таго, што трэба ствараць беларускія аналагі, купляць сваё. Таму я і ўдзельнічаю ў фестывалі “Аднак!”. Мне здаецца, у нейкім сэнсе можна паставіць знак роўнасці паміж беларускамоўнай рэкламай і рэкламай, зробленай з беларускіх матэрыялаў.

 

– У чым, як вы думаеце, спецыфіка беларускамоўнай рэкламы? І чым для вас важны фестываль “ADNAK”?

– Мне здаецца, беларускамоўная рэклама мае больш сацыяльны, іміджавы пасыл. Яна дае магчымасць кожны раз праз мову судакрануцца з нашай культурай. Я думаю, калі кампанія пераходзіць на беларускую мову, то яна ні ў якім разе не звужае сваю аўдыторыю, а наадварот, пашырае.

Можа быць, ёсць праблема ў тым, што па-беларуску рэкламістам складаней данесці ідэю, бо спажыўцы недасканала ведаюць мову. І таму ў беларускамоўнай рэкламе асабліва патрэбныя яркія крэатыўшчыкі і прафесіяналы. Мне здаецца, асноўная мэта фестывалю “ADNAK!” якраз у тым, што ён з года ў год збірае разам такіх людзей, знаходзіць іх, выгадоўвае.

 

 

Гутарыла Аляксандра Дорская